Чым скончыцца прасоўваньне расейскага войска ў Сумскай вобласьці? Ці не паўторыцца сцэнар атакі на Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі? Адказы разам з экспэртамі шукалі карэспандэнты «Настоящего времени».
«Поўным выкананьнем мэтаў» уварваньня стане стварэньне «адзінай саюзнай дзяржавы»: Расея — Украіна — Беларусь, заявіў раней у інтэрвію RTVI сябра камітэту расейскай Думы ў пытаньнях абароны Віктар Собалеў.
На ягоную думку, гэта было б «аднаўленьнем рускага сьвету ў рамках натуральных ягоных межаў».
«Кіеў — маці гарадоў рускіх», — заявіў ён.
Дэпутатка Вярхоўнай Рады Ўкраіны Мар’яна Бязуглая выказала думку, што мэта расейскага войска — ня Сумы, а Кіеў.
У траўні Ўкраіна страціла больш за ўсё тэрыторыяў за месяц з канца 2022 году, адзначыў The Wall Street Journal.
Расейскія афіцэры, якія трапілі ва ўкраінскі палон, расказалі, што камандаваньне расейскай арміі бачыць летні наступ як «апошні рывок», мэта якога — зламаць баявы дух украінскіх салдатаў, піша The Economist.
Пры гэтым з пачатку поўнамаштабнай вайны расейскае войска страціла ўжо больш за мільён чалавек, заявіў Генэральны штаб Украіны. Але цяжка сказаць, якія лічбы могуць прымусіць Уладзіміра Пуціна спыніць вайну, адзначыў у інтэрвію «Настоящему времени» вайсковы экспэрт Юры Фёдараў. Бо расейскае грамадзтва ўспрымае страты вельмі спакойна, кажа ён.
«У Пуціна разьвязаныя рукі — ён можа змабілізаваць яшчэ дзясяткі, калі ня сотні тысяч чалавек. І я баюся, што расейскае грамадзтва гэтага не заўважыць — страты пакуль датычаць ня тое каб дыскрымінаваных, але ў значнай меры маргінальных групаў. Хто ідзе ў расейскае войска за вялікія грошы? Тыя, хто ня можа зарабіць сабе на жыцьцё мірнай працай».
Разам з тым прасоўваньне да Кіева Фёдараў выключае.
«Максымум, чаго можа дабіцца Расея ў Сумскай вобласьці цягам гэтага лета і, напэўна, восені, — гэта выйсьці да прадмесьцяў гораду. Але каб штурмаваць нават Сумы — а Сумы ў некалькі разоў меншыя за Кіеў — сілаў наагул нестае. Узяць Сумы расейцы ня змогуць. Гэта занадта складаная апэрацыя, у іх проста ня хопіць сілаў».
Як лічыць украінскі афіцэр, намесьнік камандзіра 3-й асобнай штурмавой брыгады Максім Жорын, у наступ на Кіеўшчыну расейскае войска магло б пайсьці пад прыкрыцьцём сумесных зь Беларусьсю вучэньняў «Захад-2025». І зайсьці яшчэ ў Валынскую, Жытомірскую, Ровенскую і Чарнігаўскую вобласьці.
Аднак Юры Фёдараў упэўнены, што гэта немагчыма. Калі верыць заяве міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна, у вучэньнях возьмуць удзел 13 тысяч чалавек. «Гэта сьмешныя лічбы», — кажа Фёдараў.
«З такімі лічбамі ісьці на Кіеў — лягчэй зламаць галаву аб сьценку. Паўночная мяжа Ўкраіны вельмі добра ўмацаваная. Там і масты або ўзарваныя, або ў кожны момант могуць быць узарваныя, мінныя палі».
Аналітыкі амэрыканскай газэты The Washington Post і брытанскага тэлеканалу Sky News раней казалі, што гэтае лета можа стаць для Расеі апошнім шанцам на буйны наступ праз вычарпаньне запасаў бранятэхнікі і недахопу вайскоўцаў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум