Эўразьвяз уводзіць новыя мыты на ўгнаеньні з Расеі і Беларусі

Беларуськалій, Салігорск. Ілюстрацыйнае фота
Беларуськалій, Салігорск. Ілюстрацыйнае фота

Рада Эўразьвязу пашырыла тарыфы на сельскагаспадарчую прадукцыю і на некаторыя ўгнаеньні з Расеі і Беларусі, якія яшчэ не абкладаліся дадатковым мытам.

«Мэта — паменшыць залежнасьць ЭЗ ад гэтага імпарту, а таксама скараціць прыбыткі Расеі ад экспарту, тым самым абмяжоўваючы яе здольнасьць фінансаваць сваю агрэсіўную вайну супраць Украіны», — гаворыцца ў прэс-рэлізе Эўрапейскай рады.

Павышэньне тарыфаў на ўгнаеньні будзе адбывацца паступова, на працягу пераходнага пэрыяду тры гады.

«Дэвіз польскага старшынства — „Бясьпека, Эўропа!“, і гэтыя меры павышаюць нашу эканамічную бясьпеку, скарачаючы залежнасьць ад Расеі. Мы яшчэ больш скарачаем экспартныя даходы Расеі і, такім чынам, яе здольнасьць фінансаваць сваю жорсткую вайну. Гэта аб’яднаная Эўропа ў найлепшым выглядзе», — пракамэнтаваў рашэньне Міхал Бараноўскі, намесьнік дзяржаўнага сакратара Міністэрства эканамічнага разьвіцьця і тэхналёгіяў Польшчы, адказны за гандаль.

Пасьля ўступленьня заканадаўства ў сілу тарыфы ЭЗ будуць стасавацца ўсіх сельскагаспадарчых прадуктаў з Расеі, бо іншыя сельскагаспадарчыя тавары ўжо абкладаюцца мытам. Новыя тарыфы датычацца прадукцыі, якая складала 15% усяго сельскагаспадарчага імпарту з Расеі ў 2023 годзе. У катэгорыі ўгнаеньняў новыя тарыфы ўводзяцца для некаторых прадуктаў на аснове азоту.

Акрамя паслабленьня ваеннай эканомікі Расеі, новыя тарыфы дапамогуць зьнізіць залежнасьць ЭЗ ад Расеі і Беларусі, а таксама дазволяць дывэрсыфікаваць пастаўкі ўгнаеньняў, гарантуючы іх стабільнасьць і робячы іх даступнымі для фэрмэраў ЭЗ.

Пастанова набудзе моц з 1 ліпеня 2025 году.

  • Дзейныя тарыфы ў 6,5% на ўгнаеньні зь дзьвюх краін застануцца, але да іх дададуць мыты ад 40 да 45 эўра за тону да сярэдзіны 2026 году.
  • Потым мыты будуць паступова расьці да 430 эўра за тону ў 2028 годзе, купляць прадукцыю зь Беларусі і Расеі будзе эканамічна немэтазгодна.
  • У 2023 годзе ЭЗ імпартаваў з Расеі 3,6 мільёна тон азотных угнаеньняў на суму 1,28 мільярда эўра. Гэта склала 25% агульнага аб’ёму імпарту ЭЗ, што зрабіла Расею найбуйнейшым экспартэрам у ЭЗ. Летась тэндэнцыя росту працягвалася: было пастаўлена 4,4 мільёна тон расейскіх угнаеньняў, або 30% агульнага аб’ёму імпарту.
  • Аб’ём гандлю ўгнаеньнямі зь Беларусьсю невялікі, усяго 30 мільёнаў эўра летась, але Брусэль вырашыў нацэліцца і на яго з прычыны цесных палітычных і эканамічных сувязяў паміж Менскам і Масквой, а таксама перадухіленьня паставак расейскіх угнаеньняў празь Беларусь, калі мытны рэжым ня будзе сынхранізаваны.
  • Новыя тарыфы таксама павялічаць на 50% тарыфы ЭЗ для расейскай і беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі, такой як цукар, воцат, мука і корм для жывёлы.



​
XS
SM
MD
LG