Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна пацярпела ад адной з самых масавых расейскіх атак, ёсьць ахвяры і разбурэньні. ФОТА

Адна з самых масавых расейскіх атак на Кіеў, 6 чэрвеня 2025

Расея атакавала Ўкраіну ўдарнымі бесьпілётнікамі і ракетамі розных тыпаў, у выніку чаго загінулі як мінімум чатыры чалавекі і дзясяткі атрымалі раненьні.

У ноч на 6 чэрвеня Расея ўчыніла, верагодна, самы маштабны, шматгадзінны камбінаваны наступ на ўсе рэгіёны Ўкраіны. Расейская армія выпусьціла бесьпілётнікі, крылатыя і балістычныя ракеты па Кіеўскай, Чарнігаўскай, Луцкай, Цярнопальскай, Львоўскай, Хмяльніцкай вобласьцях, Крывым Рагу, піша Ўкраінская служба Радыё Свабода.

Расея атакавала Ўкраіну ўдарнымі бесьпілётнікамі і ракетамі розных тыпаў, у выніку чаго загінулі як мінімум чатыры чалавекі і дзясяткі атрымалі раненьні.

Вядома пра чатырох загінулых у Кіеве

У Кіеве наступствы расейскага ўдару ліквідуюць у шасьці раёнах. Паводле мэра гораду Віталя Клічка, чатыры чалавекі загінулі, яшчэ як мінімум 20 атрымалі раненьні, 16 зь іх шпіталізаваныя.

У прыватнасьці, пажар адбыўся ў Галасееўскім раёне, дзе пашкоджаныя аб’ект цывільнай інфраструктуры і навучальная ўстанова. У Саломенскім раёне пажар успыхнуў на 11-м паверсе 16-павярховага будынку.

У выніку абстрэлу пашкоджаная наземная лінія мэтро паміж станцыямі «Дарніца» і «Левабярэжная». На іх аднаўленьне спатрэбіцца ўвесь дзень, сказаў Клічко.

Людзі ў Кіеве хаваюцца ад расейскай атакі ў пераходзе мэтро. 6 чэрвеня 2025 году
Людзі ў Кіеве хаваюцца ад расейскай атакі ў пераходзе мэтро. 6 чэрвеня 2025 году

У Кіеўскай вобласьці разбурэньні ў трох раёнах: Браварскім, Бучанскім і Барыспальскім.

Выбухі чуваць у Чарнігаўскай вобласьці, Цярнопалі і Луцку. У Цярнопалі сэрыя выбухаў працягвалася пяць хвілін, паведамляюць карэспандэнты «Суспільнага».

У Кіеве трое ратаўнікоў Дзяржаўнай службы надзвычайных сытуацыяў загінулі падчас ліквідацыі наступстваў варожых удараў, паведаміў міністар унутраных справаў Украіны Ігар Кліменка.

«Яны працавалі пад абстрэлам, каб дапамагчы людзям. Яшчэ дзевяць супрацоўнікаў МНС атрымалі раненьні. Некаторыя маюць цяжкія траўмы, лекары змагаюцца за іх жыцьцё. Таксама пяць ратаўнікоў атрымалі раненьні падчас тушэньня пажару ў Цярнопальскай вобласьці. Усім аказваецца мэдычная дапамога», – напісаў кіраўнік МУС Украіны ў Тэлеграме.

Наступствы ўдару па Кіеве. 6 чэрвеня 2025 году
Наступствы ўдару па Кіеве. 6 чэрвеня 2025 году

Расейскія вайскоўцы рэгулярна атакуюць украінскія рэгіёны з выкарыстаньнем розных відаў зброі — ударных дронаў, ракет, кіраваных авіябомбаў, рэактыўных сыстэмаў залпавага агню.

Расейскае кіраўніцтва адмаўляе, што расейская армія ў час паўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры ўкраінскіх гарадоў і вёсак, забіваючы мірных жыхароў і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя садкі, аб’екты энэрга- і водазабесьпячэньня.

Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расеі і падкрэсьліваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG