Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна і Расея праводзяць найбуйнейшы абмен палоннымі ад пачатку вайны

Украінскія салдаты, якіх памянялі з расейскага палону 6 траўня 2025 году
Украінскія салдаты, якіх памянялі з расейскага палону 6 траўня 2025 году

Маштабны абмен палоннымі паміж Украінай і Расеяй адбываецца 23 траўня, паведаміла Ўкраінскай службе Радыё Свабода крыніца, якая ведае пра ход абмену, але ня мае права афіцыйна яго камэнтаваць.

Іншых падрабязнасьцей пакуль няма.

Паведамленьне зьявілася на фоне публікацыі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, які напісаў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social:

«Паміж Расеяй і Ўкраінай толькі што адбыўся буйны абмен палоннымі. Ён хутка ўступіць у сілу. Мы віншуем абодва бакі з гэтымі перамовамі».

Украіна і Расея дамовіліся аб абмене палоннымі ў прапорцыі 1000 на 1000 пасьля перамоваў паміж дэлегацыямі абедзьвюх краін у Стамбуле 16 траўня.

Абмен, абвешчаны тады на «бліжэйшую будучыню», паводле прадстаўнікоў украінскай дэлегацыі на перамовах, можа стаць найбуйнейшым у гісторыі вайны Расеі супраць Украіны.

Напярэдадні кіраўнік Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак заявіў, што Ўкраіна выканала сваю частку «падрыхтоўчай працы» ў кантэксьце абмену «1000 на 1000».

Апошнім часам абмены палоннымі Ўкраіна і Расея праводзяць на ўкраіна-беларускай мяжы.


Украіна і Расея раней абмяняліся сьпісамі палонных для абмену ў фармаце тысяча на тысячу.

«Дамоўленасьць пра вызваленьне 1000 нашых людзей з расейскага палону сталася ці не адзіным вынікам сустрэчы ў Турэччыне. Працуем, каб гэты вынік быў забясьпечаны», — напісаў раней прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі ў сваім «Тэлеграме».

Пазьней прэсавы сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў паведаміў, што і расейскі бок атрымаў украінскі сьпіс для абмену палоннымі.

Перамовы Ўкраіны і Расеі ў Стамбуле 15 і 16 траўня не прывялі да спыненьня баёў. Больш за тое, у мінулыя выходныя Расея ўчыніла адзін з найбуйнейшых нападаў бесьпілётнікаў на Ўкраіну, паводле зьвестак украінскага боку.

Расейскія прадстаўнікі ў Стамбуле выставілі максымалісцкія патрабаваньні да Ўкраіны, у тым ліку запатрабавалі вывесьці ўкраінскія войскі з часткова акупаваных Расеяй рэгіёнаў. Гэтыя ўмовы адхіляюцца Украінай і многімі яе заходнімі саюзьнікамі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG