Пасажыры і чыгуначнікі не пацярпелі, але ў выніку абстрэлу быў падбіты пасажырскі лякаматыў.
«Будынак чыгуначнага вакзалу таксама зноў быў пашкоджаны», — гаворыцца ў паведамленьні.
У чыгунцы дадалі, што пасьля заканчэньня трывогі ў горадзе чыгуначнікі сумесна з абласной вайсковай адміністрацыяй арганізавалі аўтобусы для дастаўкі 66 пасажыраў з Херсону ў Мікалаеў, піша Ўкраінская служба Радыё Свабода.
«Чыгуначнікі хутка дадаюць вагоны да цягніка, які ўжо чакае ў Мікалаеве, каб зьмясьціць усіх пасажыраў са станцыі Херсон. Усе астатнія цягнікі курсуюць па раскладзе», — паведамілі ва Ўкраінскай чыгунцы.
За апошнія 24 гадзіны ў Херсонскай вобласьці ў выніку расейскіх удараў загінулі два чалавекі, а шасьцёра атрымалі раненьні, паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандр Пракудзін.
Паводле яго, абстраляныя дзясяткі паселішчаў у рэгіёне, у тым ліку Херсон.
«Расейскія вайскоўцы атакавалі аб’екты сацыяльнай і чыгуначнай інфраструктуры; пашкоджаны жылыя раёны паселішчаў рэгіёну, сярод іншага, два шматпавярховыя будынкі і 17 прыватных дамоў. Акупанты таксама пашкодзілі завод, вежу сотавай сувязі, гараж і асабістыя аўтамабілі», — гаворыцца ў паведамленьні.
Херсонская гарадзкая вайсковая адміністрацыя паведаміла раніцай, што позна ўвечары 18 траўня ў выніку абстрэлу расейскімі войскамі і простага пападаньня снараду ў дом у горадзе загінула 75-гадовая жанчына. У лякарню былі дастаўленыя 76-гадовы мужчына і дзьве 53-гадовыя жанчыны з гораду.
Расейскія вайскоўцы рэгулярна атакуюць украінскія рэгіёны з выкарыстаньнем розных відаў зброі — ударных бесьпілётнікаў, ракет, ракетных комплексаў, рэактыўных сыстэмаў залпавага агню.
Кіраўніцтва Расеі адмаўляе, што яе армія падчас поўнамаштабнай вайны мэтанакіравана нападае на цывільную інфраструктуру ўкраінскіх гарадоў і вёсак, забіваючы мірных жыхароў і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя садкі, аб’екты энэрга- і водазабесьпячэньня.
Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расейскай Фэдэрацыі і падкрэсьліваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.
Напад адбыў пасьля таго, як простыя мірныя перамовы паміж Кіевам і Масквой у Стамбуле 16 траўня — першыя за амаль тры гады — не прывялі да прарыву, а Ўкраіна абвінаваціла Расею ў вылучэньні «непрымальных» патрабаваньняў.
Расея адхіліла заклікі Ўкраіны, эўрапейскіх краін і ЗША да 30-дзённага спыненьня агню ў вайне, якая ідзе ўжо чацьвёрты год.
У паведамленьні ў сваёй сацыяльнай сетцы 17 траўня Трамп заявіў, што пагаворыць з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным праз тэлефон 19 траўня а 10-й раніцы (17:00 менскага часу).
«Тэмамі размовы будуць... спыненьне „крывавай лазьні“, якая забівае ў сярэднім больш за 5000 расейскіх і ўкраінскіх салдатаў у тыдзень, і гандаль», — напісаў Трамп, дадаўшы, што затым ён пагаворыць з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім і правядзе групавую размову зь Зяленскім і «рознымі чальцамі NATO».
«Спадзяюся, што гэта будзе прадуктыўны дзень, адбудзецца спыненьне агню, і гэтая вельмі жорсткая вайна, вайна, якая ніколі не павінна была адбыцца, скончыцца», — напісаў Трамп.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум