Трохдзённае спыненьне агню, абвешчанае прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, набыло моц раніцай 8 траўня. У небе над буйнымі гарадамі Ўкраіны ціха — у адрозьненьне ад папярэдніх начэй, калі фіксаваліся масавыя ўдары расейскіх бесьпілётнікаў і балістычных ракет, піша Reuters.
Пакуль незразумела, ці наступіла паўза ў баях на лініі фронту, аднак, паводле крыніц Reuters, раніцай 8 траўня гукаў бою на лініі разьмежаваньня чуваць не было.
З пачатку сутак 8 траўня, па стане на 8:00 раніцы, у паветранай прасторы Ўкраіны не зафіксавалі ніводнага расейскага ракетнага ўдару, ні выкарыстаньня ўдарных бесьпілётнікаў, паведамілі ў Паветраных сілах Узброеных сіл Украіны.
На гэтым тыдні ў адказ на ўдары па буйных гарадах Украіны пачаліся налёты бесьпілётнікаў на Маскву. Гэта прывяло да закрыцьця аэрапортаў у расейскай сталіцы і прыпыненьня палётаў. 6 і 7 траўня ўводзіліся абмежаваньні на працу ў аэрапортах Масквы, а таксама ў іншых рэгіёнах. Па дадзеных Асацыяцыі турапэратараў Расеі, абмежаваньні палётаў закранулі як мінімум 60 тысяч пасажыраў.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пракамэнтаваў каляпс, які ўзьнік у расейскіх аэрапортах пасьля налёту бесьпілётнікаў у напрамку Масквы і іншых рэгіёнаў РФ.
«Абсалютна справядліва, што расейскае неба — неба агрэсара — сёньня люстэркава таксама неспакойнае», — заявіў ён.
Прэзыдэнт Украіны адзначыў, што прапанова Кіева спыніць баявыя дзеяньні мінімум на 30 сутак застаецца ў сіле.
8 траўня Ваенна-паветраныя сілы Ўкраіны паведамілі пра запуск кіраваных авіяцыйных бомбаў расейскай авіяцыяй па Сумскай вобласьці на фоне трохдзённага спыненьня агню, абвешчанага Расеяй.
У ноч і раніцай 8 раніцай ВПС паведамлялі пра такія запускі тройчы. Сумская абласная ваенная адміністрацыя пакуль не паведамляе пра разбурэньні ці ахвяры ў іх выніку.
28 красавіка Ўладзімір Пуцін у аднабаковым парадку абвясьціў спыненьне агню да «80-й гадавіну Перамогі» — 8, 9 і 10 траўня.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, камэнтуючы гэтую расейскую прапанову, нагадаў, што Ўкраіна падтрымлівае ідэю ЗША аб спыненьні агню, а таксама прапанавала 30-дзённую паўзу, і назваў заяву Пуціна «чарговай спробай маніпуляцыі».
Украіна працягвае настойваць на трывалым спыненьні агню, каб дамагчыся мірнага заканчэньня вайны, якую Масква вядзе супраць Кіева, заявіў прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім відэазвароце 7 траўня.
«Наша прапанова спыніць удары, спыніць агонь як мінімум на 30 дзён застаецца ў сіле — мы не адклікаем гэтую прапанову, якая магла б даць дыпляматыі шанец. Але менавіта ад Расеі сьвет ня бачыць адказу — ніякага адказу, акрамя новых удараў. Гэта максымальна выразна, відавочна для ўсіх, дэманструе, хто зьяўляецца крыніцай вайны. Расея павінна спыніць сваю агрэсію, і ім давядзецца гэта зрабіць. Гэта толькі пытаньне часу», — адзначыў Зяленскі, дадаўшы, што «справядлівасьць сьвету таксама спрацуе — у многіх адносінах, на жаль, павольна, але, што важна, непазьбежна».
Пасьля таго, як Расея абвясьціла аб спыненьні агню на некалькі дзён, Белы дом заявіў, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп хоча бачыць «пастаяннае спыненьне агню».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум