Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўднёвакарэйская выведка ацаніла страты вайскоўцаў КНДР на вайне супраць Украіны

Вайскоўцы КНДР на вучэньнях. Архіўнае фота
Вайскоўцы КНДР на вучэньнях. Архіўнае фота

Каля 600 паўночнакарэйскіх вайскоўцаў загінулі, змагаючыся за Расею супраць Украіны, яшчэ больш за 4000 атрымалі раненьні.

Пра гэта паведаміла агенцтва Yonhap са спасылкай на Нацыянальную выведвальную службу Паўднёвай Карэі.

Паўночная Карэя адправіла каля 15 тысяч вайскоўцаў у Расею. Агульныя страты КНДР у вайне склалі 4700 чалавек, у тым ліку каля 600 забітых, паведамілі ў паўднёвакарэйскай выведцы.

Паводле зьвестак выведкі, Паўночная Карэя перакідвала свае войскі ў Расею ў два этапы, баявыя дзеяньні пайшлі на спад з красавіка — пасьля таго, як Масква вярнула сабе большую частку прыфрантавой Курскай вобласьці. Паўднёвакарэйская выведка пакуль ня выявіла прыкметаў новага разгортваньня войскаў Паўночнай Карэяй, але не выключае такой магчымасьці.

Выведка Паўднёвай Карэі мяркуе, што ў абмен на разгортваньне войскаў і экспарт зброі ў Расею Паўночная Карэя атрымала ад Расеі пускавую пляцоўку для спадарожнікаў-шпіёнаў, бесьпілётнікі, абсталяваньне для радыёэлектроннай барацьбы і ракеты клясу «зямля-паветра» SA-22. Таксама дзьве краіны вядуць перамовы аб мадэрнізацыі прамысловасьці ў 14 сэктарах, у тым ліку авіяцыі, энэргетыцы і турызьме.

28 красавіка КНДР афіцыйна пацьвердзіла ўдзел сваіх вайсковых падразьдзяленьняў у баявых дзеяньнях супраць украінскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Курскай вобласьці Расеі. Паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын загадаў паставіць у Пхэньяне помнік у гонар паўночнакарэйскіх вайскоўцам з нагоды іх удзелу ў вайне на баку Расеі.

28 красавіка Ўладзімір Пуцін падзякаваў салдатам КНДР за ўдзел у вайне супраць Украіны. Пуцін адзначыў, што ўдзел войскаў спэцпрызначэньня КНДР у баях у Курскай вобласьці адбываўся на аснове Дамовы аб усёабдымным стратэгічным партнэрстве паміж Расеяй і КНДР ад 19 чэрвеня 2024 году, артыкул 4 якой прадугледжвае неадкладнае аказаньне ваеннай дапамогі ў выпадку ўзброенага нападу на адзін з бакоў.

Рэакцыя ЗША

«Трэція краіны, такія як КНДР, якія садзейнічалі зацягваньню вайны паміж Расеяй і Украінай, нясуць адказнасьць за гэта», — заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША ў камэнтары агенцтву Yonhap пасьля таго, як Пхэньян упершыню прызнаў адпраўку сваіх войскаў у Расею.

Таксама прадстаўнік Дзярждэпу зьвярнуў увагу, што падрыхтоўка Расеяй паўночнакарэйскіх вайскоўцаў парушае шматлікія рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН, якія накладаюць шырокую забарону на наданьне або атрыманьне вайсковай падрыхтоўкі або дапамогі КНДР або ад яе. Ён паўтарыў заклікі да Пхэньяну спыніць адпраўку войскаў, а да Расеі — спыніць любую падтрымку КНДР.

  • Як паведамлялі раней, у лістападзе 2024 году ў Расею прыбылі каля 11 тысяч вайскоўцаў з Паўночнай Карэі.
  • Як паведамлялі ВВС заходнія афіцыйныя асобы, усяго за тры месяцы паўночнакарэйскія войскі панесьлі амаль 40% стратаў, з улікам загінулых і параненых, у баях на захадзе Курскай вобласьці Расеі.
  • Высокі ўзровень страт сярод паўночнакарэйскіх салдат зьвязаны зь іх недастатковай падрыхтоўкай да вядзеньня сучаснай вайны, у прыватнасьці да выкарыстаньня баявых бесьпілётнікаў.
  • Акрамя таго, паводле зьвестак Нацыянальнай выведвальнай службы Паўднёвай Карэі, расейскія камандзіры выкарыстоўваюць паўночных карэйцаў у лабавых атаках без дастатковай агнявой падтрымкі.
  • Нягледзячы на гэта, украінскія вайскоўцы і разьведслужбы адзначаюць, што паўночнакарэйскія войскі атрымліваюць каштоўны баявы вопыт і адыгралі важную ролю ў расейскай стратэгіі зьнясіленьня ўкраінскіх войскаў у баях у Курскай вобласьці.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG