Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі адказаў на заяву Пуціна аб перамір’і да Дня перамогі: «Няма ніякіх падстаў чакаць 8 траўня»

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны абвінаваціў Пуціна ў пастаянных спробах маніпуляваць міжнароднай супольнасьцю.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі адрэагаваў на загад Уладзіміра Пуціна расейскім войскам спыніць агонь ва Украіне з 8 па 11 траўня, абвінаваціўшы яго ў пастаянных спробах маніпуляваць міжнароднай супольнасьцю.

«Мы найвышэй усяго шануем чалавечае жыцьцё, а не парады. Менавіта таму мы — як і ўвесь цывілізаваны сьвет — перакананыя: няма ніякіх падстаў чакаць 8 траўня. Спыненьне агню павінна наступіць неадкладна, а не толькі на некалькі дзён для таго, каб затым зноў весьці бойню. Спыненне агню павінна наступіць неадкладна, а не толькі на некалькі дзён для таго, каб потым зноў весьці бойню. Патрабуецца неадкладнае, поўнае і безумоўнае спыненьне агню — як мінімум на 30 дзён, каб яно было трывалым і надзейным.Толькі так можна закласьці падмурак для сапраўдных дыпляматычных намаганьняў», — заявіў Зяленскі ў сваім відэазвароце ўвечары 28 красавіка.

Ён таксама расказаў, што 28 красавіка Расея нанесла чарговы ўдар па абʼекту, ніяк не зьвязанаму з вайной — бесьпілётнік «шахед» атакаваў сыстэму газазабесьпячэньня ў Чаркаскай вобласьці.

«Кожны новы дзень — гэта новы, відавочны доказ таго, што на Расею неабходна ўзмацняць ціск, каб там, у Маскве, былі вымушаны скончыць гэтую вайну — вайну, якая патрэбна толькі самой Расеі. Мы ва Ўкраіне не хацелі гэтай вайны ні на сэкунду і заўсёды заяўлялі пра гатоўнасьць як мага хутчэй працаваць з усімі партнэрамі, якія могуць дапамагчы ўсталяваць мір і гарантаваць бясьпеку. Расея жстала адвяргае такія намаганні, маніпулюе сусьветнай супольнасьцю і спрабуе падмануць Злучаныя Штаты». — сказаў Зяленскі.

Пуцін аб'явіў перамірʼе ў дні сьвяткаваньня 80-годзьдзя Перамогі ў Другой сусьветнай вайне. Паводле рашэньня Ўладзіміра Пуціна, «зыходзячы з гуманітарных меркаваньняў, у дні 80-й гадавіны Перамогі — з нуля гадзін з 7 на 8 траўня да нуля гадзін з 10 на 11 траўня — расейскі бок абʼяўляе перамірʼе».

На гэты пэрыяд спыняюцца ўсе баявыя дзеяньні, піша прэс служба Крамля. Расейскі бок таксама заявіў аб гатоўнасьці да мірных перамоваў без папярэдніх умоў, «накіраваных на ліквідацыю першапрычын ўкраінскага крызісу, канструктыўнаму ўзаемадзеяньню з міжнароднымі партнэрамі».

Адрэагаваў на пуцінскую прапанову і прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Прэс-сакратарка Белага дому Каралін Левіт адзначыла, што «ён усё больш расчароўваецца ў лідэрах абедзвюх краін».

«Ён хоча бачыць пастаяннае спыненьне агню. Наколькі я разумею, Уладзімір Пуцін сёньня раніцай прапанаваў часовае спыненьне. Прэзыдэнт даў зразумець, што спачатку хоча бачыць пастаяннае спыненьне агню, каб спыніць забойствы, спыніць кровапраліцьце».

Папярэдняе абвешчанае Расеяй Велікоднае перамір’е скончылася апоўначы 21 красавіка.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG