Зяленскі заявіў, што ў ракетах паўночнакарэйскай вытворчасьці, якімі ўдарылі па Кіеве, ёсьць складнікі з ЗША

Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Агулам украінскі прэзыдэнт заявіў, што Паўночная Карэя сабрала ракеты з кампанэнтаў з 116 розных краінаў.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ракета, выпушчаная Расеяй над Кіевам у ноч на 24 красавіка, якая трапіла ў жылы дом, у выніку чаго загінулі 12 чалавек, была выраблена ў Паўночнай Карэі. Ён дадаў, што прынамсі 116 кампанэнтаў ракеты былі імпартаваныя з іншых краін.

«Удакладненьне ўсіх дэталяў адносна ракеты працягваецца. Але ўжо відавочна, што гэта балістыка з Паўночнай Карэі. Адсутнасьць ціску на Расею дазваляе ёй імпартаваць такія ракеты і іншую зброю і выкарыстоўваць іх тут, у Эўропе. Адсутнасць ціску на Паўночную Карэю і яе саюзьнікаў дае магчымасьць вырабляць, у прыватнасьці, такія балістычныя ракеты. Ракета, якая забіла кіяўлянаў, утрымлівала як мінімум 116 кампанэнтаў, імпартаваных з іншых краін, і большасьць зь іх, на жаль, былі выраблены амэрыканскімі кампаніямі», — напісаў Зяленскі ў тэлеграме.

Ён падкрэсьліў, што Расея павінна неадкладна і безумоўна пагадзіцца на поўнае спыненьне агню, і заклікаў аказаць ціск на Маскву.

«Украіна 45 дзён таму пагадзілася з прапановай прэзыдэнта Трампа аб цішыні ў небе, на моры і на фронце. Мы прапанавалі зрабіць цішыню поўнай і працяглай, што магло б быць усталявана на Вялікдзень. Мы таксама зрабілі прамую прапанову Расеі спыніць удары хаця б па мірных аб’ектах. Расея ўсё гэта адхіляе. Таму гэтае пытаньне нельга вырашыць бязь ціску. Патрэбен ціск на Расею. Спыненьне забойстваў — гэта галоўны прыярытэт», — адзначыў Зяленскі.

У выніку расейскага ўдару ў ноч на 24 красавіка ў Сьвятошынскім раёне Кіева быў разбураны жылы дом. 12 чалавек загінулі, 90 атрымалі раненьні.

Паводле слоў Зяленскага, у шпіталях застаюцца больш за 30 чалавек, у тым ліку зь вельмі цяжкімі траўмамі і ампутацыямі.

Расейскія вайскоўцы рэгулярна атакуюць украінскія рэгіёны з выкарыстаньнем розных відаў зброі — ударных бесьпілётнікаў, ракет, ракетных комплексаў, РСЗВ.


​
XS
SM
MD
LG