Цела забітага расейскімі вайскоўцамі мірнага жыхара і спаленая машына на вуліцы Бучы. 2 красавіка 2022 году
На кадрах ясна бачна, як расейскія вайскоўцы адкрываюць агонь па цывільных аўтамабілях у горадзе, куды прыйшлі з акупацыяй.
Украінская служба Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода апублікавала запісы з камэр назіраньня і бесьпілётніка ў Бучы, а таксама расповяз цывільнага жыхара, які атрымаў сур’ёзнае раненьне ў галаву, калі расейскія вайскоўцы адкрылі агонь па машыне, у якой ён быў.
Расьсьледаваньне ўкраінскай службы Радыё Свабода, падмацаванае неапублікаванымі запісамі зь відэарэгістратара і дрону, пралівае новае сьвятло на тое, як адбываліся масавыя забойствы мірных жыхароў Бучы ў час расейскай акупацыі.
На запісах зь бесьпілётніка відаць, як расейскія вайскоўцы выстаўляюць на вуліцы Заводзкай у Бучы бранятэхніку з сымбалем «V» (Расея выкарыстоўвала яго ў пачатку ўварваньня) і адкрываюць агонь без папярэджаньня — па выразна пазначаным (чырвоныя крыжы, белыя самаробныя сьцягі) цывільным аўтамабілям.
Аўтамабіль з надпісам «Дзеці», расстраляны расейскімі вайскоўцамі ў час шырокамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Кіеўская вобласьць, 2022 год
Ахвярай адной з такіх засадаў стаў Мікалай Брэднеў, які спрабаваў пакінуць горад.
«Калі мы выяжджалі, мы паставілі на лабавым шкле чырвоны крыж, парвалі палатно і перад ад’ездам прывязалі да машыны белыя анучы, — падкрэсьлівае ён. — Гэта значыць, было выразна пазначана, што ў машыне мірныя жыхары».
«Я бачыў, як яны (расейцы) выбеглі з кулямётамі і адразу, без папярэджаньня, пачалі страляць з трох кулямётаў па машыне», — кажа Мікалай.
Брэднеў атрымаў цяжкое агнястрэльнае раненьне ў галаву: куля разьнесла частку чэрапа, ён перажыў трэпанацыю. Агулам, паводле ягоных словаў, у машыну, у якой ён ехаў, выпусьцілі каля 20 куляў: 18 сьледчыя пазьней выявілі ў машыне, адна трапіла Брэдневу проста ў галаву.
«Я тады ня страціў прытомнасьці, я проста страціў зрок, нічога ня бачыў», — кажа Мікалай.
Паводле яго, кулі забілі некалькіх чалавек у машыне, яшчэ аднаму чалавеку, які ехаў зь ім, куля адарвала кончык носу, а сам Брэднеў страціў шмат крыві.
Зьнішчаныя расейцамі цывільныя аўтамабілі пад Кіевам, 19 красавіка 2022 году
Дактары ўсталявалі Мікалаю на левы бок чэрапа тытанавую пласьціну плошчай 56 квадратных сантымэтраў. Празь некалькі месяцаў пасьля траўмы і апэрацыі ў Бреднева пачаліся прыступы эпілепсіі, што значна пагоршыла якасьць ягонага жыцьця.
Празь некалькі гадзін пасьля абстрэлу відэа з украінскага бесьпілётніка пацьвердзіла прысутнасьць расейскай бранятэхнікі на месцы расстрэлу машыны. Бронеаўтамабіль быў маркаваны сымбалем «V»: ён, як «Z» і «O», выкарыстоўваўся расейскімі войскамі для абазначэньня сваёй тэхнікі ў першыя месяцы вайны.
Украінскія сьледчыя лічаць, што ў страляніне ўдзельнічалі вайскоўцы 234-га дэсантна-штурмавога палка, вядомага як «пскоўскія дэсантнікі». Полк быў выведзены з Кіеўскай вобласьці вясной 2022 году і пасьля панёс вялікія страты ў баях у Данецкай вобласьці. На запісах камэраў відэаназіраньня, зробленых у Бучы непадалёк ад месца расстрэлу, відаць, як салдаты гэтага падразьдзелу за дзень да забойства рабуюць дамы і псуюць маёмасьць. Адзін зь іх страляе з аўтамата па камэры назіраньня.
Украінскія сьледчыя лічаць, што менавіта гэты расейскі полк кантраляваў навакольле ў Бучы ў час расстрэлаў мірных жыхароў і катаваньняў. Расея адмаўляе гэтыя ваенныя злачынствы.
Акупацыя Бучы і расьсьледаваньні злачынстваў расейцаў
Расейскія акупанты захапілі Бучу ў самым пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну. Горад месяц быў пад акупацыяй.
31 сакавіка 2022 году расейскія часткі былі вымушаныя адступіць і пакінулі Бучу, а ўкраінскія войскі ўвайшлі ў горад. Яны бачылі на вуліцах целы забітых і закатаваных мясцовых жыхароў (у многіх былі зьвязаныя за сьпінай рукі), а таксама масавыя магілы загінулых мірных жыхароў, дзе часткі целаў былі зьнявечаныя.
Агулам, паводле ўкраінскіх сьледчых, за месяц расейскай акупацыі ў Бучы загінулі 554 мірныя жыхары. Чатыры дзясяткі лічацца зьніклымі бязь вестак, яшчэ 33 жыхары Бучы дагэтуль знаходзяцца ў расейскім палоне. У той жа час расейскі бок працягвае адмаўляць масавыя забойствы і ваенныя злачынствы ў Бучы, называючы тое, што ўбачылі журналісты ўсіх сусьветных СМІ, «фальшыўкай» і «інсцэніроўкай».
У выніку 33-дзённай акупацыі Бучы з 27 лютага па 31 сакавіка 2022 году загінуў 561 мірны жыхар, у тым ліку 12 дзяцей. Таксама, паводле ўкраінскіх уладаў, у Бучы апазнаныя больш за 2,5 тысячы расейскіх вайскоўцаў, якія былі ў горадзе. Зь іх 100 падазраюцца ў ваенных злачынствах, а 34 афіцыйна заяўлена аб падазрэньнях. Нацыянальная паліцыя Ўкраіны паведаміла, што раскрыла 72 забойствы, учыненыя расейскімі вайскоўцамі ў час акупацыі Бучы, а 24 абвінаваўчыя акты ўжо перададзеныя ў суд.
Сьледчыя неаднаразова тлумачылі, што многія целы ахвяраў у брацкіх магілах былі спаленыя, што ўскладняла ідэнтыфікацыю.
«Працэс ідэнтыфікацыі працягваецца. Год таму ў нас было 60 неапазнаных целаў. Цяпер іх 13. Працэс крыху ўскладняецца тым, у якім стане мы знайшлі гэтыя целы — іх проста спалілі расейцы. Але гэты працэс працягваецца, праводзяцца адпаведныя судова-мэдыцынскія экспэртызы», — кажа кіраўнік Дэпартамэнту расьсьледаваньня ваенных злачынстваў Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Дзьмітро Шаўчук.
Як зьмянілася Буча праз год пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну. Фотапараўнаньне
2022
2023
1/17
Адна з цэнтральных вуліц горада 1 сакавіка 2022 года і новая шаша ў траўні 2023 года (справа).
Акупацыя Бучы на пачатку поўнамаштабнага ўварваньня доўжылася 28 дзён — з 3 па 31 сакавіка 2022 года
2022
2023
2/17
Падчас руху калёны расейскіх войскаў праз горад расейцы вялі бязладны агонь па жылых дамах, кажуць мясцовыя жыхары, Буча, Кіеўская вобласьць, 1 сакавіка 2022 г. Справа — фота лютага 2023 года
2022
2023
3/17
Паводле афіцыйных зьвестак, у Бучы расейскімі захопнікамі было пашкоджана больш за 2,5 тысячы збудаваньняў. Агульны ўрон, нанесены гораду, ацанілі больш за 5 мільярдаў грыўняў. У верасьні мінулага года мэр Анатоль Федарук заявіў, што ў горадзе будуць зьнесены 372 прыватныя дамы і два шматпавярховікі. Яны не падлягаюць аднаўленьню
2022
2023
4/17
1 сакавіка 2022 г. Буча, вул. Вакзальная. Паводле рэканструктараў, трыццацікілямэтровая калёна расейскай тэхнікі прайшла празь увесь горад да Ірпеня, а адтуль плянавалася цягам 3 дзён паехаць у Кіеў, каб забраць яго. Справа вуліца Вакзальная ў Бучы ў траўні 2023 года
2022
2023
5/17
Тады гэтай калёне спачатку перашкаджалі добраахвотнікі з Бучы, пазьней яе зьнішчылі Ўзброеныя сілы Ўкраіны
2022
2023
6/17
У рамках праекта «Надзея на Бучы» ў канцы кастрычніка 2022 года стартаваў праект па аднаўленьні вуліцы Вакзальная. Адначасова было падпісана пагадненьне паміж гарадзкой радай Бучы і Vespa Group, падрадчыкам праекта. Рэканструкцыя стала магчымай дзякуючы фінансавай падтрымцы фонду Говарда Бафета. Асноўнымі партнэрамі ў рэалізацыі праграмы зьяўляюцца ГА «Якасьць жыцця», Кіеўская гарадзкая ваенная адміністрацыя, Бучанская гарадзкая рада, Міністэрства развіцьця грамад і тэрыторый
2022
2023
7/17
Мужчына глядзіць на цела расейскага вайскоўца, якое ляжыць каля вайсковай машыны, Буча, Кіеўская вобласьць, 1 сакавіка 2022 году
2022
2023
8/17
Цела загінулага расейскага вайскоўца. Горад Буча Кіеўскай вобласьці 1 сакавіка 2022 г. Там жа ў траўні 2023 года
2022
2023
9/17
Мясцовая жыхарка Вольга: «Калі мой бацька будаваў хату, то пад ёй зрабіў каменны склеп. І завяшчаў нам, што «калі што, то гэта ваша бамбасховішча». Гэта значыць, заліў там маналітную пліту. І гэта ўсё. Мы запомнілі гэтыя словы і, вядома ж, уладкаваліся там — паклалі дыванкі. Спачатку адчувалі сябе добра, глядзелі тэлевізар, часам бегалі. Потым, як здарылася, глядзім: танкі пачалі страляць ужо ў нашым двары. Мы ўжо кінуліся ў падвал, і сядзелі там 7 гадзін. Скрыгаталі гусеніцамі танкі, ішоў страшны бой, і два танкі схаваліся за нашым домам. Спыніліся каля нашых дамоў. Танкі хаваліся за дамамі, я так разумею. 7 гадзін гэтага кашмару: там і старыя, і дзеці. Мы ўжо разьвіталіся з жыцьцём. А потым выйшлі і ўбачылі гэтую жудасную карціну. Як нейкі «армагедон». Горад Буча Кіеўскай вобласьці 1 сакавіка 2022
2022
2023
10/17
2 студзеня 2023 года мэр Бучы паведаміў, што каля 523 прыватных дамоў маюць розную ступень разбурэньня: зь іх 70 дамоў былі цалкам разбураныя з-за расейскага ўварваньня
2022
2023
11/17
За год вуліцу Вакзальную не пазнаць — амэрыканская некамэрцыйная арганізацыя Global Empowerment Mission (GEM) разам з партнэрамі і ўладамі адрамантавалі 110 будынкаў, прыкладна ў 20 зь іх праведзены больш значныя рамонты, адноўлены вокны і дахі. амаль усюды. Але самае галоўнае, што 12 цалкам разбураных дамоў былі адноўлены з нуля
2022
2023
12/17
Вуліца Вакзальная і спаленая расейская армейская тэхніка, горад Буча, Кіеўская вобласьць, 1 сакавіка 2022 году. Тое самае месца на фота справа з траўня 2023 года
2022
2023
13/17
Акрамя таго, у выніку актыўных баявых дзеяньняў расейскія войскі таксама зьнішчылі большую частку інфраструктуры: электрычныя слупы, камунікацыі, дарожнае пакрыцьцё — усё гэта таксама аднаўлялі дабрачынцы сумесна з гарадзкімі ўладамі
2022
2023
14/17
Вуліца Вакзальная і спаленая расейская армейская тэхніка, горад Буча, Кіеўская вобласьць, 1 сакавіка 2022 году. Фота справа — травень 2023 года
2022
2023
15/17
Мясцовыя жыхары Натальля і Рустэм: «Дом цэлы, але тое, што па цаглінах выкладвала і зьбірала сама — на старасьці гадоў вырашыла палегчыць жыцьцё. Бачыце, як гэта здарылася — цяпер пачаць спачатку? Было вельмі цяжка, вельмі страшна сядзець у падвале, як усё грукатала. Яны лічылі, што ў нас самая бясьпечная зона. І бачыце, як атрымалася». Горад Буча Кіеўскай вобласьці 1 сакавіка 2022 г.
Натальля на фота ў лютым 2023 года (справа): «Усе побач, усе жывыя»
2022
2023
16/17
Вуліца Вакзальная і спаленая расейская армейская тэхніка, горад Буча, Кіеўская вобласьць, 1 сакавіка 2022 году.
На фота справа вуліца Вакзальная ў траўні 2023 года
2022
2023
17/17
Людзі пакідаюць акупаваную тады расейскімі вайскоўцамі Бучу, фота 11 сакавіка 2022 году.
Форум