Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень нараджэньня заснавальніка БелаПАН, журналіста і паэта Алеся Ліпая

Алесь Ліпай выступае на сьвяткаваньні 100-годзьдзя БНР, Менск, 25 сакавіка 2018 году
Алесь Ліпай выступае на сьвяткаваньні 100-годзьдзя БНР, Менск, 25 сакавіка 2018 году

Падзеі 9 красавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

9 красавіка 1966 году на Капыльшчыне нарадзіўся Алесь Ліпай, беларускі журналіст і паэт, заснавальнік агенцтва навінаў БелаПАН.

У 1988-м, падчас вучобы на факультэце журналістыкі БДУ, Алеся Ліпая перасьледавалі за ўдзел у вырабе самвыдатаўскай газэты «Лірнік». У тым жа годзе ён стаў першым карэспандэнтам Радыё Свабода ў Беларусі. У 1991 годзе разам зь Віталём Цыганковым стварыў незалежнае інфармацыйнае агенцтва БелаПАН, якое зь цягам часу перарасло ў найбуйнейшую недзяржаўную інфармацыйную кампанію краіны.

Таксама Алесь Ліпай быў паэтам, сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру. Выдаў тры кнігі вершаў, пісаў тэксты да песень.

Агенцтва БелаПАН было генэральным партнэрам менскага мітынгу-канцэрту «Сьвята Незалежнасьці», прысьвечанага 100-й гадавіне абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Пасьля гэтага, у чэрвені 2018 году, дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў завёў супраць Алеся Ліпая крымінальную справу — яго абвінавацілі ў нясплаце падаходнага падатку. Справу закрылі толькі пасьля сьмерці Алеся. Ён цяжка хварэў і памёр 23 жніўня ў адной зь менскіх клінік. Яму было 52 гады.

Гэты дзень у гісторыі

1865 — завяршэньне грамадзянскай вайны ў ЗША, капітуляцыя арміі Поўдня пры Апатамаксе.

1932 — скончыўся Барысаўскі галодны бунт, антысавецкі выступ працоўных Барысава.

1940 — уварваньне нацысцкай Нямеччыны ў Нарвэгію і Данію.

1946 — у нямецкім Міхельсдорфе з ініцыятывы Натальлі Арсеньневай і Юркі Віцьбіча створанае беларускае літаратурнае згуртаваньне «Шыпшына». Выдаваўся аднайменны часопіс. У 1950, па разьезьдзе сяброў па сьвеце, спыніла існаваньне.

1970 — стыхійныя хваляваньні ў Менску на месцы забойства гіпі Вячаслава Максакава (07.04.1970) на вуліцы Энгельса. Удзел у акцыі ўзялі ад 100 да 400 чалавек.

1989 — разгон дэманстрацыі ў Тбілісі, які суправаджаўся забойствам маніфэстантаў.

1991 — Грузія абвясьціла незалежнасьць.

1993 — 188 дэпутатаў Вярхоўнага Савету Беларусі прагаласавалі за далучэньне Беларусі да АДКБ.

2003 — войскі міжнароднай кааліцыі на чале з ЗША занялі Багдад.

Зрынаньне статуі Садама Хусэйна. Багдад, 9 красавіка 2003
Зрынаньне статуі Садама Хусэйна. Багдад, 9 красавіка 2003


У гэты дзень нарадзіліся

1802 — Эліяс Лёнрат, фінскі фальклярыст, які запісаў і выдаў карэла-фінскі эпас «Калевала».

1821 — Шарль Бадлер, францускі паэт.

Шарль Бадлер
Шарль Бадлер

1910 — Ісай Казінец, адзін з кіраўнікоў менскага антынацысцкага падпольля падчас Другой усясьветнай вайны.

1934 — Леанід Асядоўскі, беларускі мастак.

1939 — Барыс Родзіч, удзельнік адраджэнцкага руху канца 1980-х і пачатку 1990-х.


У памяці

1553 — Франсуа Рабле, францускі пісьменьнік-гуманіст.

1626 — Фрэнсіс Бэкан, ангельскі філёзаф.

Фрэнсіс Бэкан
Фрэнсіс Бэкан

1802 — Францішак Станіслаў Гутэн-Чапскі, дзяржаўны дзяяч Рэчы Паспалітай.

1831 — у Сьніпішках (Вільня) расейцамі расстраляны Гіпаліт Лабаноўскі, віленскі земскі судзьдзя, кіраўнік аддзелу паўстанцаў.

1959 — Мікола Аляхновіч, літаратурны крытык, ссыльны на Калыме.

1986 — Аляксей Кулакоўскi, пісьменьнік.

1999 — Апалёнія Пяткун, сястра Ордэну эўхарыстак, сьведка Росіцкай трагедыі, па вайне падпольна працягвала служэньне.

2012 — Арына Вячорка, беларускі грамадзкі дзеяч, навуковец, пэдагог.

Арына Вячорка
Арына Вячорка

2016 — Зьміцер Саўка, беларускі мовазнаўца, адзін з аўтараў нармалізацыі беларускага клясычнага правапісу.

Зьміцер Саўка
Зьміцер Саўка

2020 — Анджэй Струміла, мастак, скульптар, пісьменьнік.

Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG