Наступствы расейскага ўдару па Крывым Рогу 2 красавіка 2025 году
Адначасова расейскія войскі зноў атакавалі Харкаў.
Кіраўнік вайсковай адміністрацыі Крывога Рогу (Днепрапятроўская вобласьць) Аляксандар Вілкул паведаміў аб пацэльваньні расейскай ракеты ў аб’ект цывільнай інфраструктуры.
«Ідзе аварыйна-выратавальная апэрацыя. Вялікі пажар. На цяпер тры чалавекі загінулі, тры атрымалі раненьні. Пацярпелі шматкватэрныя дамы», – паведаміў Аляксандар Вілкул.
Пазьней кіраўнік Днепрапятроўскай абласной адміністрацыі Сяргей Лысакудакладніў, што колькасьць загінулых павялічылася да чатырох і да 14 колькасьць параненых.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што расейскія войскі мэтанакіравана нанесьлі ўдар па Крывым Рогу. Гэта ягоны родны горад.
«Паўсюль у сьвеце такія ўдары называюць аднолькава: гэта тэрор. Спыніць гэта можна толькі дастатковым ціскам на Маскву, на расейскую сыстэму, каб яны былі вымушаныя адмовіцца ад вайны і тэрору, і гэта залежыць ад партнэраў – ад Амэрыкі, ад Эўропы, ад іншых у сьвеце. Нас усіх аддзяляе ад поўнага і безумоўнага спыненьня ўдараў толькі адсутнасьць згоды Расеі спыняць вайну. Толькі ціск сьвету можа забясьпечыць такую згоду», – заявіў Уладзімір Зяленскі. Ён выказаў спачуваньні сваякам і блізкім загінулых.
Яшчэ адзін удар расейскія войскі нанесьлі па Харкаве, там пяць чалавек параненыя, у тым ліку 10-гадовы хлопчык. Паводле мэра Харкава Ігара Церахава, у выніку пацэльваньня дронам пашкоджаньні атрымалі тры шматкватэрныя дамы.
Форум