Уладзімір Зяленскі, які размаўляў з журналістамі ў Парыжы перад найважнейшым абаронным саміту «кааліцыі ахвочых», які плянуецца 27 сакавіка, заявіў, што пагадзіўся працягнуць перамовы аб спыненьні агню ў Саудаўскай Арабіі, каб забясьпечыць аднаўленьне дапамогі ЗША і абмену выведнымі зьвесткамі.
Белы дом заявіў, што вынікам перамоваў стала дамоўленасьць «аб распрацоўцы захадаў для выкананьня» нядаўніх абавязаньняў спыніць удары па энэргетычных аб’ектах і агонь у Чорным моры. Але Расея выстаўляе шэраг умоваў, у тым ліку зьмякчэньне санкцыяў, у абмен на выкананьне пагадненьня.
«Мы прадэманстравалі сваю ўстойлівасьць. І цяпер вельмі важна, каб нашы партнэры былі прынамсі такімі ж устойлівымі, як мы, хоць яны маюць больш магчымасьцяў», — сказаў Зяленскі.
Прэзыдэнт Украіны выступаў разам з сваім францускім калегам Эманюэлем Макронам у Парыжы напярэдадні абароннага саміту «кааліцыі ахвочых».
Падчас выбуху дыпляматыі высокіх ставак, арганізаванай Злучанымі Штатамі, каб пакласьці канец вайне ва Ўкраіне, эўрапейскія кіраўнікі спрабуюць забясьпечыць сабе месца за сталом перамоваў. Але дагэтуль іх не запрашалі на перамовы з удзелам Масквы, Кіева і Вашынгтону.
Макрон сказаў, што фармаваньне эўрапейскіх сілаў будзе абмяркоўвацца на перамовах 27 сакавіка, але падкрэсьліў, што войскі ня будуць на перадавой вайны і ня будуць выконваць задачы маніторынгу або выкананьня рэжыму спыненьня агню. Такая праца можа быць ускладзена на міратворцаў ААН.
Замест гэтага, паводле францускага прэзыдэнта, сілы забесьпячэньня эўрапейскіх войскаў будуць разьмешчаны ва Ўкраіне глыбей, каб стрымліваць Расею і забясьпечваць навучаньне і падтрымку ўкраінскіх сілаў. Ці прывядзе ініцыятыва да дзеяньняў, пакажа будучыня.
Стыў Уіткаф, адмысловы прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, які ўдзельнічаў у перамовах з Расеяй і Ўкраінай, назваў ідэю кааліцыі «спрашчэньнем» і «пазёрствам».
За некалькі гадзін да пачатку гэтай сустрэчы Макрон абвясьціў, што Францыя надасьць Украіне новы пакет вайсковай дапамогі на 2 мільярды эўра, які будзе ўключаць супрацьтанкавыя ракеты, сыстэмы супрацьпаветранай абароны, зьнішчальнікі ракет Mirage, бранятэхніку, боепрыпасы, іншую дапамогу.
З ініцыятывай стварэньня кааліцыі ўпершыню публічна выступіў прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармэр 2 сакавіка ў Лёндане, дзе эўрапейскія і іншыя лідэры абмяркоўвалі падтрымку Кіева. На сустрэчы былі кіраўнікі Нямеччыны, Польшчы, Вялікай Брытаніі, іншых краін, якія паабяцалі падтрымліваць Украіну. Больш за 30 краін, якія ўваходзяць у Эўразьвяз і NATO, выказалі ахвоту зрабіць унёсак у міратворчыя сілы кааліцыі. Цяпер чакаецца, што ўрады абмяркуюць далейшую вайсковую дапамогу Ўкраіне.
«Гэта вырашальны этап, каб пакласьці канец вайне», — сказаў Макрон на сумеснай прэс-канфэрэнцыі зь Зяленскім 26 сакавіка.
Макрон абвінаваціў Расею ў «жаданьні вайны» і настойваў на тым, што Масква павінна прыняць 30-дзённае спыненьне агню «без папярэдніх умоваў».
Выступаючы перад журналістамі ў час працоўнага візыту на Ямайку, дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё заявіў, што Вашынгтон ацэніць умовы Масквы. Сярод выстаўленых Крамлём умоваў спыненьня агню — зьмякчэньне санкцыяў, уведзеных Эўразьвязам. Макрон, аднак, заявіў у Парыжы, што ня здыме санкцыяў, бо для гэтага «надта рана».
У той жа дзень ЭЗ выдаў заяву пра тое, што «безумоўны» вывад расейскіх сілаў з «усёй» тэрыторыі Ўкраіны застаецца адной з ключавых умоваў для скасаваньня або паслабленьня санкцыяў, уведзеных Брусэлем супраць Масквы.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум