У 12 вобласьцях Украіны працавала супрацьпаветраная абарона: зьбілі 72 з 145 ударных дронаў, але дзьве балістычныя ракеты «Іскандэр» і чатыры С-300 не змаглі абясшкодзіць.
Паводле апэратыўнага камандаваньня Паветраных сілаў Украіны, найбольш пацярпелі Сумская, Адэская, Палтаўская, Днепрапятроўская, Кіеўская і Чарнігаўская вобласьці.
У Міністэрстве здароўя Ўкраіны паведамілі, што ў Сумах адзін дрон пацэліў у тэхнічны паверх абласной лякарні — пацыенты і пэрсанал не пацярпелі.
У другой лякарні ў Краснапольскай грамадзе пасьля падзеньня дрону пачаўся пажар. У момант удару лекары і пацыенты былі ў бамбасховішчы, пазьней паліцыя і выратавальнікі эвакуавалі 60 чалавек.
Паводле ўладаў Сумскай вобласьці, у выніку расейскіх удараў у рэгіёне загінуў адзін і параненыя 2 чалавекі.
Як паведаміла дзяржаўнае прадпрыемства «Укрзалізниця», пад раніцу 19 сакавіка расейскія войскі ўдарылі ў энэргасыстэму чыгункі. Калі спэцыялісты спрабавалі аднавіць энэргазабесьпячэньне, расейцы нанесьлі паўторны ўдар. Ніхто не пацярпеў. Пажарныя службы змагаюцца з агнём.
У Бучанскім раёне дроны пацэлілі ў 9 прыватных дамоў, 60-гадовы мужчына атрымаў раненьні. Яшчэ ў трох раёнах Кіеўскай вобласьці змагаліся з пажарамі ад удараў дронаў.
У Міргарадзкім раёне Палтаўскай вобласьці дрон пацэліў у склад аднаго з прадпрыемстваў. Ніхто не пацярпеў.
У Херсонскай вобласьці расейскія войскі атакавалі сацыяльную інфраструктуру. Паводле абласных уладаў, сем чалавек параненыя, пашкоджаньні атрымалі 4 шматпавярховікі, 29 прыватных дамоў і газаправод.
У Расеі зноў гарыць нафтабаза
У апэратыўным штабе Краснадарскага краю Расеі паведамілі, што ў выніку атакі дронаў адбыўся пажар на нафтабазе ў станіцы Каўкаскай.
«Плошча загараньня 20 квадратных мэтраў, пашкоджаны трубаправод паміж рэзэрвуарамі, адрэагавала аўтаматычная сыстэма пажаратушэньня і ахалоджваньня. Пажару прысвоілі 4 клясу складанасьці, на месцы працуюць 105 чалавек і 45 адзінак тэхнікі, спэцыяльныя і тэрміновыя службы», — адзначаецца ў паведамленьні.
Улады сьцьвярджаюць, што пацярпелых няма, 30 чалавек дзяжурнай зьмены эвакуавалі.
18 сакавіка адбылася тэлефонная размова прэзыдэнтаў ЗША і Расеі Дональда Трампа і Ўладзіміра Пуціна.
У заяве Крамля аб выніках размовы гаварылася пра пазыцыю расейскага боку: галоўнай умовай дыпляматычнага разьвязаньня канфлікту павінна стаць «поўнае спыненьне замежнай вайсковай дапамогі і наданьня выведнай інфармацыі Кіеву».
У сваім допісе ў сацыяльнай сетцы Truth Social Дональд Трамп назваў размову з Пуціным «добрай і прадуктыўнай».
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ўкраінскі бок «заўсёды падтрымліваў ідэю не наносіць удараў па энэргетычных аб’ектах, а таксама па аб’ектах у моры, па вытворчасьці харчовых прадуктаў і па транспарце».
Зяленскі таксама заявіў, што ён верыць: партнэры Ўкраіны ня прымуць патрабаваньня Расеі спыніць дапамогу Ўкраіне зброяй, бо гэта аслабіла б пазыцыю Ўкраіны.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум