Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Ўкраіны паведамілі пра ліквідацыю надзвычайнай сытуацыі на ЧАЭС праз 3 тыдні пасьля расейскага ўдару

Ліквідацыя наступстваў атакі расейскіх бесьпілётнікаў на Чарнобыльскую АЭС, 14 лютага 2025
Ліквідацыя наступстваў атакі расейскіх бесьпілётнікаў на Чарнобыльскую АЭС, 14 лютага 2025

Пра ліквідацыю надзвычайнай сытуацыі на Чарнобыльскай АЭС паведаміла на сваёй старонцы ў сетцы Facebook міністар абароны навакольнага асяродзьдзя і прыродных рэсурсаў Украіны Сьвятлана Грынчук.

Паводле яе слоў, тленьне напаўняльніка ахоўнай абалонкі саркафага станцыі, уведзенага ў строй у 2019 годзе, спынена а 12-й гадзіне 7 сакавіка.

Радыяцыйная сытуацыя на АЭС стабільная і знаходзіцца пад пастаянным кантролем, падкрэсьліла кіраўніца ведамства.

«На тэрыторыі станцыі будзе і надалей дзяжурыць падразьдзяленьне Дзяржаўнай службы па надзвычайных сытуацыях, а таксама будзе працягвацца радыяцыйны і цеплавізійны маніторынг», — адзначыла Грынчук.

Яна дадала, што трэба «правесьці якасны аналіз» пашкоджаньня абалонкі саркафага і «аднавіць яе функцыянаваньне».

Міністар падзякавала ратавальнікам і работнікам зоны адчужэньня за прафэсіяналізм, а Эўрапейскаму банку рэканструкцыі і разьвіцьця, усім «краінам-ўкладчыкам», МАГАТЭ і іншым прадстаўнікам міжнароднай супольнасьці — за іх рэакцыю і ўвагу да сытуацыі.

14 лютага ў ахоўную абалонку саркафага ЧАЭС урэзаўся бесьпілётны лятальны апарат, узьнікла ўзгараньне.

Паводле слоў прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, удар прыпаў на сховішча, якое «беражэ сьвет ад радыяцыі разбуранага чацьвёртага энэргаблёку ЧАЭС».

«Гэтае сховішча Ўкраіна будавала разам зь іншымі краінамі Эўропы і сьвету, разам з Амэрыкай — з усімі, хто хоча сапраўднай бясьпекі для людзей», — адзначыў ён.

Зяленскі назваў Расею «адзінай дзяржавай у сьвеце», якая «можа атакаваць такія аб’екты, акупаваць тэрыторыю атамных станцый і весьці баявыя дзеяньні, наогул ня лічачыся з наступствамі».

На яго думку, гэта «тэрарыстычная пагроза ўсяму сьвету».

Дэмакратычны лідэр Беларусі Сьвятлана Ціханоўская, якая вырасла на заражанай радыянуклідамі тэрыторыі, заявіла, што «ўзрушаная атакай расейскага бесьпілётніка» на ЧАЭС.

24 лютага 2022 году, у першы дзень поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну, расейскія войскі, якія зайшлі зь беларускай тэрыторыі, захапілі ЧАЭС і прабылі там да 31 сакавіка, пасьля чаго адступілі ў РФ разам з палоннымі байцамі Нацыянальнай гвардыі, якія ахоўвалі станцыю. У выніку дзеяньняў расейскага войска быў сурʼёзна парушаны працоўны працэс, у тым ліку электразабесьпячэньне.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG