Да трэцяй гадавіны вайны Эўразьвяз рыхтуе 6-мільярдны пакет вайсковай дапамогі Ўкраіне

Сьцягі Ўкраіны і Эўразьвязу ў Кіеве. Архіўнае фота
Сьцягі Ўкраіны і Эўразьвязу ў Кіеве. Архіўнае фота

Краіны Эўразьвязу рыхтуюць пакет вайсковай дапамогі для Ўкраіны на суму, ня меншую за 6 мільярдаў эўра.

Выданьне Politico піша, што новы пакет дапамогі павінен умацаваць стратэгічныя пазыцыі Кіева перад пачаткам перамоваў з Расеяй пры пасярэдніцтве ЗША.

Пакет павінен уключаць у сябе шырокую намэнклятуру вайсковай прадукцыі — ад паўтара мільёна артылерыйскіх снарадаў да сыстэм супрацьпаветранай абароны. Гэта будзе адзін з найбуйнейшых пакетаў вайсковай дапамогі Эўразьвязу з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 года. Як зазначаецца ў публікацыі, пакет, магчыма, будзе перададзены да 24 лютага, калі ў Кіеў прыбудуць высокапастаўленыя прадстаўнікі Эўрапейскай камісіі.

Politico адзначае, спасылаючыся на дзьве крыніцы ў дыпляматычных колах, што 6 мільярдаў эўра — гэта зыходная велічыня, якая з часам можа ўзрасьці «да 10 мільярдаў эўра і больш» па меры таго, як краіны правядуць усебаковую рэвізію сваіх запасаў і вызначаць, якую менавіта прадукцыю яны змогуць адправіць ва Ўкраіну.

Буйны пакет вайсковай дапамогі стаў бы нагляднай дэманстрацыяй рашучасьці ЭЗ падтрымаць Украіну — пасьля таго, як на экстранай сустрэчы лідэраў у Парыжы ў панядзелак не ўдалося прыняць канкрэтных рашэньняў. ЭЗ апынуўся ў баку ад перамоваў паміж ЗША і Расеяй аб спыненьні вайны, што выклікала замяшаньне як у сталіцах краін ЭЗ, так і ў Кіеве, зазначаецца ў публікацыі выданьня Politico.

Павелічэньне вайсковай падтрымкі можа дапамагчы Ўкраіне папоўніць свае ўзброеныя сілы, стрымаць расейскія атакі на лініі фронту і абараніць свае гарады ад паветраных налётаў, пакуль Кіеў рыхтуецца да мірных перамоваў.

Гэта таксама можа ўмацаваць аргумэнты ЭЗ на карысьць далейшага ўключэньня ягонай дэлегацыі ў перамовы. Дзяржсакратар Марка Рубіё і міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў 18 лютага правялі двухбаковыя, паміж ЗША і Расеяй, перагаворы ў Эр-Рыядзе.

Пакуль невядома, ці будзе ўхвалена ўсімі краінамі ЭЗ пагадненьне аб пастаўках Украіне пакета дапамогі або яго падтрымае толькі кааліцыя краін, якія хочуць яго прыняць. Адзін з дыпляматаў заявіў, што аднагалоснае ўхваленьне малаверагоднае, улічваючы супрацьдзеяньне Вугоршчыны.

​
XS
SM
MD
LG