Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне ідэнтыфікавалі расейскага генэрала, які загадаў нанесьці ўдар па Мікалаеўскай абласной адміністрацыі

У выніку расейскага ракетнага ўдару частка абласной адміністрацыі была зруйнаваная. Большасьць супрацоўнікаў пасьпелі выйсьці. Пад заваламі засталіся восем цывільных. 29 сакавіка 2022 году. Ілюстрацыйнае фота
У выніку расейскага ракетнага ўдару частка абласной адміністрацыі была зруйнаваная. Большасьць супрацоўнікаў пасьпелі выйсьці. Пад заваламі засталіся восем цывільных. 29 сакавіка 2022 году. Ілюстрацыйнае фота

Тады загінула кіраўніца беларускага культурнага таварыства «Голас Радзiмы» Тацяна Дзяменьнікава.

У Службе бясьпекі Ўкраіны паведамілі аб падазрэньні расейскаму генэралу Аляксандру Дворнікаву, які выдаў загад нанесьці 29 сакавіка 2022 году ракетны ўдар па Мікалаеўскай абласной адміністрацыі.

На той момант Аляксандар Дворнікаў камандаваў Паўднёвай вайсковай акругай Узброеных сіл Расеі. У студзені 2023 году ён пайшоў у адстаўку, а з пачатку 2024 году ўзначальвае Добраахвотнае таварыства спрыяньня арміі, авіяцыі і флёту Расеі.

Расейскія войскі выкарысталі для атакі адміністрацыйнага будынку крылатую ракету клясы «зямля—зямля». Яе запусьцілі з апэратыўна-тактычнага комплексу «Іскандэр», які базаваўся ў анэксаваным Расеяй Крыме.

У выніку ўдару тады 28 чалавек атрымалі раненьні, загінулі 36 чалавек, у тым ліку Тацяна Дзяменьнікава, якая ачольвала ў Мікалаеўскай вобласьці беларускае культурнае таварыства «Голас Радзiмы» і працавала ў эканамічным дэпартамэнце Мікалаеўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі. Яе цела дасталі з-пад завалаў толькі на пяты дзень пасьля атакі Расеі.

Сьледчыя СБУ абвінавачваюць Аляксандра Дворнікава ў парушэньні законаў і звычаяў вайны, учыненым паводле папярэдняй групавой змовы, што прывяло да гібелі людзей. Паводле ч. 2 артыкулу 28, ч. 2 артыкулу 438 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны яму пагражае ад 10 да 15 гадоў пазбаўленьня волі або пажыцьцёвае зьняволеньне.

Аляксандар Дворнікаў пад міжнароднымі санкцыямі Канады і Эўразьвязу з 2019 году за інцыдэнт у Керчанскай пратоцы, калі расейскія караблі затрымалі ўкраінскія караблі, якія спрабавалі прайсьці з Адэсы ў Марыюпаль. Інцыдэнт адбыўся 25 лістапада 2018 году.

Пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе да гэтых санкцыяў далучыліся Вялікая Брытанія, Швайцарыя, Аўстралія, Японія, Новая Зэляндыя і Ўкраіна.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG