Краіны Эўропы настойваюць на ўдзеле ў перамовах аб Украіне пасьля заяваў Трампа

Удзельнікі саміту Эўразьвяз – Украіна, люты 2023 году
Удзельнікі саміту Эўразьвяз – Украіна, люты 2023 году

Эўрапейскія краіны, у тым ліку Вялікая Брытанія, Францыя і Нямеччына, заявілі, што павінны быць часткай любых будучых перамоваў аб лёсе Украіны, падкрэсьліўшы, што «агульнай мэтай павінна быць тое, каб Украіна магла гаварыць з пазыцыі сілы».

«Наша агульная мэта павінна заключацца ў тым, каб паставіць Украіну ў пазыцыю сілы. Украіна і Эўропа павінны быць часткай любых перамоваў», — гаворыцца ў сумеснай заяве сямі краін і Эўрапейскай камісіі, якую цытуе «Настоящее время».

«Украіне мусяць быць дадзеныя надзейныя гарантыі бясьпекі. Справядлівы і трывалы мір ва Ўкраіне ёсьць неабходнаю ўмоваю трывалай трансатлянтычнай бясьпекі», — таксама адзначаецца ў заяве.

Акрамя таго, кіраўнікі МЗС краін Эўропы на фоне заяваў Трампа паабяцалі павялічыць дапамогу Кіеву.

«Мы гатовыя павялічыць нашую дапамогу Ўкраіне. Мы заяўляем аб падтрыманьні яе незалежнасьці, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласьці ў супрацьстаяньні ваеннай агрэсіі Расеі. Наша агульная мэта — надалей падтрымліваць Украіну да дасягненьня справядлівага, усеабдымнага і трывалага міру», — гаворыцца ў заяве, падпісанай кіраўнікамі МЗС.

Увечары 12 лютага прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, правёўшы тэлефонныя размовы з Уладзімірам Пуціным і Ўладзімірам Зяленскім, анансаваў хуткую асабістую сустрэчу з прэзыдэнтам Расеі. Ён заявіў аб «нерэалістычнасьці» сяброўства Ўкраіны ў NATO і «малаімавернасьці» вяртаньня акупаваных Расеяй украінскіх зямель. На пытаньне, ці разглядае ён Украіну як раўнапраўнага ўдзельніка мірнага працэсу, Трамп фактычна не адказаў, падкрэсьліўшы, што Кіеву «давядзецца заключыць мір».

Камэнтуючы тэлефонную гутарку з Пуціным у сваёй сацыяльнай сетцы, прэзыдэнт ЗША заявіў, што яны абодва «цьвёрда вераць у разумны сэнс» і думаюць аб тым, якую выгаду атрымаюць ад сумеснай працы.

Эўрапейскія дзяржавы не былі паінфармаваныя аб тэлефоннай размове загадзя і былі зьдзіўленыя пазыцыяй ЗША, заявілі дыпляматы.

​
XS
SM
MD
LG