Колькасьць кантактаў паміж Масквой і Вашынгтонам аб урэгуляваньні вайны ва Ўкраіне стала большай, заявіў прэсавы сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў. Так ён пракамэнтаваў заяву прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа пра «вельмі канструктыўныя» перамовы на гэтую тэму.
«Кантакты па лініі асобных ведамстваў сапраўды ёсьць, і апошнім часам яны інтэнсыфікаваліся. Але нейкіх іншых дэталяў я вам сказаць не магу, няма чаго сказаць іншага», — цытуюць Пяскова расейскія інфармацыйныя агенцтвы.
Асобна ён заявіў, што Масква гатовая весьці перамовы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім, нягледзячы на неаднаразовыя заявы прэзыдэнта Расеі Пуціна пра нелегітымнасьць украінскага лідэра.
Раней у аўторак прэзыдэнт ЗША Трамп заявіў, што ягоная адміністрацыя вядзе «вельмі канструктыўныя перамовы па Ўкраіне» і ён «зробіць усё», каб спыніць вайну. Яе ён назваў «бойняй», цытуе кіраўніка дзяржавы «Голас Амэрыкі».
«Мы размаўляем з расейцамі, мы размаўляем з украінскім кіраўніцтвам», — сказаў Трамп, адказваючы на пытаньне журналіста пра мірны плян для Ўкраіны. Паглыбляцца ў дэталі ён ня стаў.
Трамп зноў заявіў, што на вайне загінулі 800 тысяч расейскіх і 700 тысяч украінскіх вайскоўцаў — гэта на парадак больш за незалежныя ацэнкі. Паводле ягоных слоў, штотыдзень ён атрымлівае справаздачы пра колькасьць загінулых.
Форум
Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Форум