Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі заявілі, што гатовыя аднавіць транспартную камунікацыю з Украінай

Афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Андрэй Бычкоўскі (у цэнтры) з замежнымі журналістамі ў Гомельскай вобласьці на мяжы з Украінай, 28 студзеня 2025
Афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Андрэй Бычкоўскі (у цэнтры) з замежнымі журналістамі ў Гомельскай вобласьці на мяжы з Украінай, 28 студзеня 2025

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі даў магчымасьць расейскім і замежным журналістам наведаць памежжа ў кірунку Ўкраіны па распараджэньні Аляксандра Лукашэнкі.

Афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Андрэй Бычкоўскі заявіў пра гатовасьць аднавіць міжнародную транспартную камунікацыю з Украінай.

Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, Андрэй Бычкоўскі адзначыў, што зь беларускага боку пункты пропуску на мяжы з Украінай функцыянуюць, а памежнікі «гатовыя ў сьціслыя тэрміны аднавіць міжнародныя зносіны з сумежным бокам».

Такую заяву афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі зрабіў прадстаўнікам замежных СМІ з 9 дзяржаў. Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі даў ім магчымасьць наведаць памежжа ў кірунку Ўкраіны па распараджэньні Аляксандра Лукашэнкі.

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

Украіна з 28 лютага 2022 году закрыла мяжу зь Беларусьсю, спыніла гандаль і пачала ўмацоўваць сваю мяжу на беларускім кірунку, каб зрабіць немагчымым паўторны наступ расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі.

У перамовах Расеі і Ўкраіны пра абмены палоннымі ўдзельнічаюць дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ірына Касьцевіч і афіцэр КДБ, колішні супрацоўнік амбасады Беларусі ва Ўкраіне Валер Сьцепановіч.

Пасьля пачатку ўкраінскімі войскамі курскай апэрацыі абмен палоннымі перанесьлі на тэрыторыю Беларусі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG