Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прапанаваў удзел беларускіх міратворцаў ва Ўкраіне і выказаў жаданьне ўдзельнічаць у мірных перамовах

Аляксандар Лукашэнка, Менск, 26 студзеня 2025
Аляксандар Лукашэнка, Менск, 26 студзеня 2025

На прэс-канфэрэнцыі 26 студзеня ў Менску Аляксандар Лукашэнка заявіў, што беларускія міратворцы «былі б найлепшым варыянтам ва Ўкраіне», а таксама выказаў жаданьне ўдзельнічаць у мірных перамовах.

На прэс-канфэрэнцыі пасьля галасаваньня, адказваючы на пытаньні журналістаў, Аляксандар Лукашэнка выказаўся наконт свайго магчымага ўдзелу ў перамовах наконт вайны ва Ўкраіне.

«Уладзімір Зяленскі пастаянна прапагандуе гарантыі і стабільнасьць у рэгіёне. Тады трэба ўлічваць інтарэс усіх бакоў, у тым ліку беларусаў. Латышы, эстонцы, палякі — усе туды ірвуцца. А бяз нашага ўдзелу ня можа быць поўнай бясьпекі. Аднак, каб я з глузду зьехаў, калі безь мяне будуць перамовы, — такога няма», — сказаў Лукашэнка і дадаў, што калі яго на перамовах ня будзе, дык «Пуцін выкажа беларускую пазыцыю».

Таксама ён прапанаваў даслаць ва Ўкраіну «беларускіх міратворцаў».

«Калі ў імя даверу і справядлівасьці, то, акрамя беларускага войска, у іх нічога няма. Гэта ня значыць, што я пашлю ў якасьці міратворцаў сваё войска туды — 70 тысяч — там іх выстраю. Але дзеля таго, каб было так, як дамовяцца — гэта толькі беларускае (войска. — Рэд.). Іншых няма. Усе астатнія будуць цягнуць або на Захад, або на Ўсход», — заявіў Лукашэнка.

Аднак ён лічыць, што ня толькі ўкраінцы, але і Захад не пагодзіцца з адпраўкай беларускіх міратворцаў ва Ўкраіну.

«Ім трэба прапіхнуць сваіх. Але гэта ня вельмі будзе задавальняць расейскі бок. Калі будзе прынята рашэньне аб увядзеньні міратворчага кантынгенту, гэта будзе вельмі сур’ёзная спрэчка», — сказаў Лукашэнка.

Ён дадаў, што «ня рвецца» ва Ўкраіну і, хутчэй за ўсё, на сёньняшні дзень «сваіх людзей туды не зьбіраюся адпраўляць».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG