МЗС Беларусі абвінаваціла структуры Эўразьвязу ва «ўмяшаньні ў выбары ў Беларусі»

Прадстаўнік МЗС Беларусі Анатоль Глаз, архіўнае фота
Прадстаўнік МЗС Беларусі Анатоль Глаз, архіўнае фота

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі назвалі «найгрубейшым умяшаньнем у электаральныя працэсы сувэрэннай дзяржавы» праект заявы Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў, якую яна плянуе зрабіць па выніках выбараў 26 студзеня і якая нібыта «трапіла ў распараджэньне МЗС». Выбары ў Беларусі, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар.

«Выбары ў Беларусі толькі пачаліся, а ў дакумэнце ўжо ўсё асуджана і не прызнана», — заявіў на брыфінгу 22 студзеня прадстаўнік МЗС Беларусі Анатоль Глаз.

На думку Глаза, вывучаная МЗС заява Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў «ня мае нічога агульнага з рэальным станам спраў і закліканая аказаць ціск на свабоднае волевыяўленьне беларускіх грамадзян».

У якасьці прыкладу дыплямат прывёў цытату з праекту дакумэнту, у якой сказана, што «абмежаваньні на доступ незалежных мэдыя ў Беларусь сур’ёзна падарвалі легітымнасьць электаральнага працэсу». Прадстаўнік МЗС Беларусі назваў гэтыя сьцьвярджэньні «ілжывымі» і заявіў, што для асьвятленьня выбараў нібыта акрэдытавалі каля 330 замежных журналістаў, якія прадстаўляюць «усе вядучыя сусьветныя СМІ, у тым ліку незалежныя, з 23 краін».

Таксама Анатоль Глаз заявіў пра «інсынуацыі» што да незапрашэньня місіі БДІПЧ АБСЭ назіраць за выбарамі. Паводле Глаза, адпаведнае запрашэньне на адрас бюро накіравалі, што 17 студзеня пацьвердзілі ў самім БДІПЧ АБСЭ, і «яны ўсё яшчэ маюць магчымасьць прыехаць». Разам з тым прадстаўнік МЗС Беларусі заявіў, што «гэта і ня мае прынцыповага значэньня», бо для назіраньня за выбарамі акрэдытавалі больш за 450 міжнародных назіральнікаў з 49 краінаў сьвету, і ўдакладніў, што сярод іх ёсьць прадстаўнікі Міжпарлямэнцкай асамблеі СНД, Парлямэнцкай асамблеі АДКБ, ШАС і Нарады па ўзаемадзеяньні і мерах даверу ў Азіі.

Глаз таксама сказаў, што ў заяве ўтрымліваецца «традыцыйны набор клішэ аб падтрымцы ЭЗ дэмакратычных правоў і фундамэнтальных свабодаў» і назваў гэта «чыстай крывадушнасьцю» на фоне «незаконных санкцыяў, якімі Эўразьвяз абклаў простых беларускіх грамадзян».

Прадстаўнік МЗС падкрэсьліў, што прыняцьце заявы Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў «стане чарговым доказам сплянаванага ўмяшаньня з боку ЭЗ ва ўнутраныя справы іншых краін, а таксама спробай прыкрыць і ўзаконіць свае злачынныя дзеяньні ў дачыненьні да Беларусі», і прыгразіў «адпаведным адказам» на «любыя падобныя дзеяньні».

  • Сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 26 студзеня 2025 году. Шэраг заходніх краін і інстытуцыяў ужо зрабілі заявы аб тым, што ня маюць намеру прызнаваць іх вынікі. На пасяджэньні 22 студзеня Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю «Неабходнасьць дзеяньняў у барацьбе з працягам прыгнёту і фальшывых выбараў у Беларусі».
  • Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар.
  • У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.
  • Ніводзін з кандыдатаў у час збору подпісаў і выступаў на тэлевізіі і радыё не крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку і не прапаноўваў абраць прэзыдэнтам новага чалавека.
  • З 2001 году міжнародная супольнасьць і незалежныя назіральнікі не прызнаюць вынікаў выбараў у Беларусі.

​
XS
SM
MD
LG