Вугоршчына схіляецца не блякаваць падаўжэньне санкцый Эўразьвязу супраць Расеі

Дональд Трамп і Віктар Орбан, архіўнае фота
Дональд Трамп і Віктар Орбан, архіўнае фота

Вугоршчына, мабыць, ня будзе блякаваць падаўжэньне на 6 месяцаў эканамічных санкцый супраць Расеі, паколькі новая адміністрацыя ЗША, падобна, выступае за тое, каб санкцыі заставаліся ў сіле.

Пра гэта паведаміў эўрапейскі рэдактар Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.

Згодна зь існымі правіламі, уведзеныя раней эканамічныя санкцыі Эўразьвязу павінны працягвацца кожныя паўгода, прычым кансэнсусам усіх 27 краін ЭЗ.

Рашэньне аб падаўжэньні павінна быць прынятае да 31 студзеня. Вугоршчына, аднак, адмаўлялася падаўжаць санкцыі да ўступленьня на пасаду прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, саюзьнікам якога называе сябе вугорскі прэм'ер Віктар Орбан. Сам ён выступае за зьмякчэньне санкцыйнага рэжыму.

Трамп, уступіўшы на пасаду 20 студзеня, даў зразумець, што найбліжэйшым часам не зьбіраецца здымаць санкцыі з Расеі. Адказваючы на пытаньні журналістаў аб тым, ці павінны застацца санкцыі ў сіле да дасягненьня пагадненьня аб міры ва Ўкраіне, Трамп сказаў, што хацеў бы гаварыць аб «мытах» на расейскія тавары. Раней ён, у прыватнасьці, казаў аб намеры ўвесьці мыты на імпарт з краін БРІКС. Пры гэтым Трамп зазначыў, што яго папярэдняя адміністрацыя ўводзіла эфэктыўныя санкцыі супраць Ірана. Такім чынам, ён прама не адхіліў неабходнасьць захаваць ці ўзмацніць жорсткасьць санкцыйную палітыку ў дачыненьні да Расеі.

Краіны Захаду ўвялі ў дачыненьні да Расеі, асабліва пасьля яе ўварваньня ва Ўкраіну, санкцыі ў адносінах да розных галін эканомікі. Акрамя таго, пад санкцыі трапілі тысячы юрыдычных і фізычных асоб. Адзін з найбольш маштабных пакетаў санкцыяў, які закранае расейскіх нафтатрэйдараў і вытворцаў нафты, быў прыняты адміністрацыяй Джо Байдэна за некалькі дзён да зьмены ўлады ў ЗША.

​
XS
SM
MD
LG