Марк Рутэ падчас выступу ў Эўрапарлямэнце, Брусэль, 13 студзеня 2025
ЭЗ павінен перагледзець свае прыярытэты выдаткаў, каб павялічыць абаронны бюджэт, заявіў генэральны сакратар NATO Марк Рутэ, выступаючы сёньня ў Эўрапарлямэнце.
«У сярэднім эўрапейскія краіны лёгка выдаткоўваюць да чвэрці свайго нацыянальнага даходу на пэнсіі, ахову здароўя і сацыяльнае забесьпячэньне, і нам патрэбна толькі невялікая частка гэтых грошай, каб зрабіць абарону нашмат мацнейшай», — сказаў Рутэ эўрадэпутатам.
Большасьць краінаў ЭЗ таксама ўваходзяць у NATO. У межах альянсу было прынятае рашэньне, што яго сябры мусяць выдаткоўваць ня менш за 2% ад ВУП на абарону. Цяпер 24 з 32 чальцоў NATO дасягнулі гэтай мэты.
Але Дональд Трамп павялічвае стаўкі. На мінулым тыдні абраны прэзыдэнт ЗША заклікаў саюзьнікаў выдаткоўваць на абарону 5% ВУП — значна больш, чым нават Амэрыка, якая выдаткоўвае 3,38%.
Для многіх краін дасягнуць 2% было цяжка, а 5% выглядаюць недасяжнымі.
Рутэ не прынёс добрых навін палітыкам, якія спадзяваліся на адтэрміноўку.
Канчатковая мэта выдаткаў NATO, сказаў ён заканадаўцам, можа скласці каля 3,6% або 3,7% ВУП.
Рутэ настойваў на тым, што Эўропа па-ранейшаму зьвязаная з ЗША ў пытаньнях бясьпекі. Было «ілюзіяй» меркаваць, што Эўропа можа самастойна абараняцца, зазначыў ён. Ён назваў цяперашні сэктар узбраеньняў у Эўропе «занадта малым, занадта фрагмэнтаваным і занадта павольным».
У сваім першым выступе ў Эўрапейскім парлямэнце ў якасьці кіраўніка NATO Рутэ сказаў, што мэта складаецца ў тым, каб «зблізіць NATO і ЭЗ», каб супрацьстаяць «кампаніі дэстабілізацыі» Крамля разам зь іншымі пагрозамі, пачынаючы зь Ірана і Кітая і заканчваючы кібэратакамі і распаўсюдам ядзернай зброі.
«Цяпер мы ў бясьпецы, але не праз чатыры-пяць гадоў», — сказаў ён, дадаўшы, што, калі выдаткі на абарону ня вырастуць, эўрапейцам «давядзецца вучыць расейскую мову або паехаць у Новую Зэляндыю».
Форум
Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Форум