Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дарадца Трампа ў нацыянальнай бясьпецы: «Завяршэньне вайны паміж Расеяй і Ўкраінай запатрабуе часу і намаганьняў»

Майк Уолц
Майк Уолц

Пра гэта амэрыканскі чыноўнік сказаў у інтэрвію ABC News.

Майк Уолц, дарадца ў нацыянальнай бясьпецы выбранага прэзыдэнта Злучаных Штатаў Дональда Трампа адзначыў, што Трамп у «найбліжэйшыя месяцы» ўсталюе адносіны з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным, каб дамовіцца аб завяршэньні вайны паміж Расеяй і Ўкраінай.

У прыватнасьці, Уолц сказаў:

«З пункту гледжаньня прэзыдэнта Трампа, немагчыма заключыць пагадненьне, калі ў вас няма якіх-небудзь адносін і дыялёгу зь іншым бокам. І мы абавязкова ўсталюем іх у найбліжэйшыя месяцы».

9 студзеня Трамп паведаміў аб арганізацыі сваёй сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.

«Ён нават публічна сказаў, што хоча сустрэцца, і мы мусім завяршыць гэтую вайну. Гэта крывавая бязладзіца», — заявіў абраны прэзыдэнт.

Вядоўца ABC Джонатан Карл спытаў Уолца, перамовы будуць весьціся толькі паміж Трампам і Пуціным ці да іх далучыцца таксама прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

«Мы пакуль ня вызначылі дакладнага фармату. Мы працуем над гэтым», — адказаў Уолц.

Трамп неаднаразова заяўляў падчас перадвыбарнай кампаніі, што зможа завяршыць вайну паміж Расеяй і Ўкраінай у першы дзень свайго знаходжаньня на пасадзе ці нават раней. Аднак нядаўна Кейт Келаг, выбраны Трампам у якасьці спэцыяльнага пасланьніка па Ўкраіне і Расеі, абазначыў больш працяглыя тэрміны.

«Я б устанавіў тэрмін у 100 дзён», — заявіў Келаг, адстаўны генэрал-лейтэнант Арміі ЗША, у інтэрвію Fox News у сераду.

У нядзелю Ўолц сказаў, што відавочна, што Ўкраіна ня зможа цалкам выцесьніць Расею са сваёй тэрыторыі.

«Усе разумеюць, што гэта павінна завяршыцца нейкім дыпляматычным чынам, — адзначыў ён. — Я проста не лічу рэалістычным сьцьвярджаць, што мы выганім ўсіх расейцаў з кожнай цалі ўкраінскай зямлі, уключаючы Крым. Прэзыдэнт Трамп прызнаў гэтую рэальнасьць, і я лічу, што гэта быў вялізны крок наперад, што ўвесь сьвет прызнае гэтую рэальнасьць. Цяпер давайце рухацца наперад».

Уолц, кангрэсмэн ад Флорыды, адзначыў, што рыторыка Трампа дапамагла разьвеяць уяўленьне аб вайне як аб безнадзейнай дрыгве, якая будзе працягвацца бясконца.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG