Крыніца інфармацыйнага агенцтва AFP у францускай арміі пацьвердзіла, што некалькі дзясяткаў украінскіх вайскоўцаў дэзэртавалі падчас праходжаньня падрыхтоўкі на адным з палігонаў у Францыі. А ўсяго пакінуць падразьдзяленьне да адпраўкі на фронт маглі больш за паўтары тысячы салдат. Гаворка пра 155-ю брыгаду УСУ. І, як паказвае практыка, гэта не адзінкавы выпадак.
Вайсковец Аляксандар у інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время» растлумачыў, як і чаму самавольна пакінуў воінскую часьць:
«Тэхніка ўся старая. Нам сказалі: калі вы зь нечым ня згодны, складайце зброю і хто куды».
Яшчэ адзін вайсковец па імені Аляксей у інтэрвію ўжо іншаму ўкраінскаму тэлеканалу расказаў падобную гісторыю:
«Камандаваньне не дало далей лячыцца. Я завярнуўся і пайшоў дадому».
Такіх навін апошнім часам стала асабліва шмат. Тэма самавольнага пакіданьня часткі цяпер вельмі актуальная ва ўкраінскім грамадзтве. Гэта вялікая праблема для УСУ. Адна з апошніх гучных гісторый — ад украінскага вайсковага журналіста і галоўрэда Censor.net Юрыя Бутусава пра 155-ю брыгаду УСУ, якая трэнавалася ў Францыі. Яна была шматабяцальным рэзэрвам украінскай арміі. Падразьдзяленьне, па розных падліках, пакінулі больш за паўтары тысячы салдат. Гэта трэць брыгады.
155-ю брыгаду стварылі некалькі месяцаў таму. Украінскіх салдат трэнавалі ў Францыі. Паводле расьсьледаваньня Юрыя Бутусава, яшчэ тады з брыгады дэзэртавалі некалькі дзясяткаў чалавек. Французы абурыліся, але шырока гэта разгалошваць ня сталі. Францускаму агенцтву AFP ананімна сказалі, што дэзэртэрства было, але ў Францыі гэта не крымінальны артыкул. «Была пэўная колькасьць дэзэртэраў, але яна застаецца вельмі нязначнаю, улічваючы колькасьць людзей, якія прайшлі навучаньне», — цытуе AFP прадстаўніка францускага Генэральнага штабу.
Пасьля навучаньня брыгаду перакінулі на Пакроўскі напрамак Данецкай вобласьці. Юры Бутусаў расказвае, што ў брыгадзе не было дронаў і сродкаў РЭБ — радыёэлектроннай барацьбы, якія павінны абараняць людзей і тэхніку, напрыклад, ад расейскіх бесьпілётнікаў. Тым ня менш брыгаду вывелі на фронт. «Замест таго каб даць людзям якасную падрыхтоўку і якасных камандзіраў, сяржантаў, афіцэраў на ўсіх узроўнях, замест таго каб забясьпечваць людзей, — мабілізаваных у ТЦК апранулі ў вайсковую форму і пачалі ставіць задачы, якія ім былі незразумелыя.
Калі б людзей адправілі ў дасьведчаныя брыгады, дзе ёсьць спрактыкаваны і якасны камандны склад, ёсьць сяржанты, афіцэры, забесьпячэньне, ёсьць правільная арганізацыя, то так — такой колькасьці самавольнага пакіданьня часткі (СПЧ) там не было б. Зь людзьмі трэба працаваць. А тут усё зроблена дзеля галачкі, дзеля стварэньня штатаў. І вынік — велізарная колькасьць СПЧ. І гэта паказчык таго, што кіраўніцтва краіны ўвогуле не зьвяртае ўвагі на праблемы арганізацыі новых войскаў», — тлумачыць Бутусаў.
Пра 155-ю брыгаду цяпер шмат гавораць, але з вынікаў пакуль — толькі зьмена яе кіраўніцтва. У адносінах да астатніх чыноўнікаў, якія адказвалі за фармаваньне падразьдзяленьня, працягваюцца разборы. Праблемы ў брыгадзе прызналі і ў сухапутных войсках. Вайскоўцы ў адзін голас сьцьвярджаюць, што праблемы 155-й брыгады — гэта толькі вяршыня айсбэрга. Падобныя цяжкасьці — амаль ва ўсіх аналягічных новых падразьдзяленьнях. І разьвязаньня пакуль няма. У праваабарончым цэнтры, які займаецца салдатамі, канстатуюць, што тэма СПЧ — як замкнёнае кола.
«Ёсьць розныя катэгорыі людзей, якія ідуць у СПЧ. Першая катэгорыя — гэта людзі, якія з самага пачатку ўхіляліся ад службы. Або працэдура мабілізацыі была парушаная. Напрыклад, чалавека „бусыфікавалі“ (мабілізавалі сілком). Існуюць іншыя выпадкі СПЧ. Напрыклад, чалавек служыў тры гады запар ці нават раней — з 2014 году, і яго маральна-псыхалягічны стан становіцца горшы. З прычыны адсутнасьці водпуску, ратацыі, нармальнага адпачынку. Але гэта не заўсёды пытаньне камандаваньня. Гэта пытаньне таго, што людзі не мабілізуюцца. Недахоп кадраў у УСУ спараджае ўсё большы кадравы голад, таму што людзі стамляюцца», — кажа адвакат праваабарончай арганізацыі «Прынцып» Анастасія Крыштановіч.
Ягор Фірсаў — украінскі народны дэпутат, а цяпер салдат, канстатуе, што няма такога вайскоўца ва ўкраінскай арміі, які б не сутыкаўся з СПЧ. Прычын, кажа, шмат — стомленасьць, праблемы ў сям’і, няпэўнасьць, што далей. Пасьля СПЧ вярнуцца ў падразьдзяленьні складана — такім людзям не давяраюць. «Калі да нас у частку прыходзяць дэпутаты і розныя вайсковыя чыноўнікі, я прапаную ім адпраўляць „СПЧ-нікаў“ у інжынэрныя войскі. Таму што, па-першае, ім няпроста вярнуцца ў тую воінскую часьць, дзе яны былі. Да іх там ставяцца ня тое каб як да здраднікаў, але з падазрэньнем. У той жа час у нас часта праблемы з абарончымі збудаваньнямі. Можна было б з „СПЧ-нікаў“ ствараць цэлыя брыгады і палкі», — лічыць Ягор Фірсаў.
Паводле статыстыкі, са студзеня па кастрычнік 2024 году Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў адкрыла 40 тысяч крымінальных спраў за самавольнае пакіданьне часткі і яшчэ 20 тысяч за дэзэртэрства, гэта ў два разы больш, чым за 2023 год. Праблему афіцыйна раней агучыў нават прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі: «СПЧ у 2024 годзе вырасла, а з кастрычніка ці зь верасьня — зьменшылася. Гэта факт. Доўгая вайна — гэта доўгая вайна. Людзі стаяць і стамляюцца».
Ня так даўно ва ўкраінскім заканадаўстве пачала дзейнічаць норма: пасьля першага выпадку пакіданьня часткі салдат можа вярнуцца на службу без пакараньня. Гэтай магчымасьцю пасьпелі скарыстацца каля шасьці тысяч салдат.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум