Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень памяці Эміліі Плятэр

Эмілія Плятэр, карціна Яна Багуміла Розэна
Эмілія Плятэр, карціна Яна Багуміла Розэна

Падзеі 23 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.

Дзень у гісторыі

1595 — складаньне Берасьцейскай уніі.

Прамова Пятра Скаргі, ідэоляга Берасьцейскай уніі, карціна Яна Матэйкі
Прамова Пятра Скаргі, ідэоляга Берасьцейскай уніі, карціна Яна Матэйкі

1791 — расейская імпэратрыца Кацярына II вызначыла на новадалучаных тэрыторыях Рэчы Паспалітай «мяжу габрэйскай аселасьці».

1884 — у варшаўскім выданьні Słowo зьявіўся першы ўрывак з аповесьці Генрыка Сянкевіча «Патоп».

1937 — у Менску ўводзяцца «Правілы карыстаньня трамваем», іх падпісаў старшыня гарвыканкаму Ванееў. У прыватнасьці, забараняўся праезд асобаў зь вінтоўкамі, а таксама канвою з арыштаванымі. Гэта значыць, да новых правілаў «ворагаў народу» вазілі ня толькі ў «варанках», але і ў звычайным трамваі.

1953 — расстраляныя Лаўрэнці Бэрыя і іншыя кіраўнікі савецкіх спэцслужбаў сталінскай пары — Усевалад Мяркулаў, Амаяк Кабулаў, Сяргей Гаглідзэ, Павал Мешык, Уладзімір Дэканозаў, Леў Уладзімірскі.

1963 — Папа Рымскі Павал VI падвысіў статус Украінскай грэка-каталіцкай царквы з узроўню мітраполіі да вярхоўнага арцыбіскупства.

1990 — 88,5% удзельнікаў рэфэрэндуму выказаліся за незалежнасьць Славеніі ад Югаславіі.

1991 — дэпутаты БНФ спусьцілі зь лесьвіцы ў ВС Уладзімера Жырыноўскага.

2021 — МУС прызнала беларускую службу Радыё Свабода «экстрэмісцкім фармаваньнем».

2021 — арыштаваны Алег Грузьдзіловіч, журналіст Радыё Свабода.

2022 — з Нацыянальнага мастацкага музэю звольнілі 18 супрацоўнікаў.

У гэты дзень нарадзіліся

1786 — Вінцэнт Равінскі, аўтар паэмы «Энеіда навыварат», якая амаль стагодзьдзе лічылася ананімнай. Разгадаў загадку аўтарства літаратуразнаўца Генадзь Кісялёў.

1908 — Міхал Варанецкі, каталіцкі сьвятар, вязень ГУЛАГу.

1922 — Вольга Ладыгіна, архітэктарка.

1955 —Юры Варонежцаў, навуковец-фізык і палітык.

У памяці

1831 — Эмілія Плятэр, беларуская паэтка і фальклярыстка, удзельніца паўстаньня 1831 году. У часе паўстаньня Эмілія стала камандзірам вайсковага аддзелу і памерла ад ранаў, атрыманых падчас бою.

Эмілія Плятэр
Эмілія Плятэр

1929 — Яўген Алонаў, вэтэрынар, першы рэктар Віцебскага вэтэрынарнага інстытуту.

1944 — у Дрэздэне падчас бамбаваньня гораду загінуў разам зь сям’ёй Iван Лапа, гісторык ВКЛ.

1961 — памёр Лукаш Бэндэ, літаратурны крытык, «майстар аглабельнай крытыкі».

Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG