Міністар абароны РФ назваў задачай расейскіх вайскоўцаў падрыхтоўку да магчымага канфлікту з NATO

Андрэй Белавусаў.
Андрэй Белавусаў.

Дзейнасьць Міністэрства абароны РФ у найбліжэйшыя гады будзе будавацца з улікам падрыхтоўкі да магчымага ваеннага канфлікту з NATO.

Так заявіў міністар абароны Андрэй Белавусаў на выніковым пасяджэньні калегіі ведамства.

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва РБК.

Паводле міністра, праца ведамства будуецца з улікам «забесьпячэньня поўнай гатовасьці да любога разьвіцьця абстаноўкі ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве». Ён дадаў, што гэта робіцца з улікам «магчымага ваеннага канфлікту з NATO ў Эўропе ў найбліжэйшае дзесяцігодзьдзе».

Гэта зьвязана з рашэньнямі, якія былі «прынятыя на саміце Паўночнаатлянтычнага альянсу, які прайшоў у ліпені бягучага году», і тым, што «знаходзіць адлюстраваньне ў дактрынальных дакумэнтах ЗША і іншых краін NATO».

Пры гэтым Масква выключае, што на NATO нападзе Расея. Пра гэта, у прыватнасьці, казаў у чэрвені прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. «Напрыдумлялі, што Расея хоча напасьці на NATO. Вы звар’яцелі зусім, ці што?» — казаў прэзыдэнт Расеі.

З папярэджаньнямі аб пагрозе канфлікту паміж NATO і Расеяй на фоне баявых дзеяньняў ва Ўкраіне неаднаразова выступалі заходнія палітыкі. У чэрвені міністар абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс заявіў, што бундэсвэр павінен быць гатовы да вайны да 2029 году.

Таксама ваеннага канфлікту паміж NATO і Расеяй не выключаў польскі прэзыдэнт Анджэй Дуда. На яго думку, калі Захад дазволіць Украіне прайграць, то «патэнцыйная вайна паміж Расеяй і Захадам будзе вельмі блізкая».

​
XS
SM
MD
LG