Кіраўнік Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак заявіў, што Кіеў пакуль не гатовы пачаць перамовы з Расеяй, паколькі ва Ўкраіны няма дастаткова ўзбраеньняў і гарантый бясьпекі.
Камэнтары Андрэя Ермака ўкраінскаму грамадзкаму тэлеканалу «Суспільне» прагучалі ў той час, калі Ўладзімір Зяленскі, мяркуючы па паведамленьнях СМІ, разглядае магчымасьць урэгуляваньня вайны, якая пачалася з поўнамаштабнага ўварваньня расейскай арміі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, шляхам перамоваў з Расеяй.
«Ня сёньня», — адказаў Ярмак у эфіры «Суспільне», калі яго спыталі пра тое, ці гатовая Ўкраіна да перамоваў.
«У нас няма зброі, у нас няма статусу, пра які мы гаворым. А гэта азначае запрашэньне ў NATO і разуменьне дакладных гарантый, якія нам дадуць, каб мы маглі быць упэўненыя, што Пуцін ня вернецца праз два-тры гады», — дадаў ён.
Уладзімір Зяленскі на гэтым тыдні ў сумеснай заяве зь лідэрам нямецкай апазыцыі Фрыдрыхам Мэрцам адзначыў, што Ўкраіна хоча спыненьня вайны, адзначыўшы, што неабходны намаганьні, каб зрабіць яго краіну мацнейшай і абавязаць Крэмль працаваць над дасягненьнем міру.
Таксама ў нядаўнім публічным выступе прэзыдэнт Украіны падкрэсьліў, што перамовы могуць адбыцца ў той час, калі Расея ўсё яшчэ ўтрымлівае тэрыторыю, захопленую ёю падчас уварваньня.
Аднак Украіне, паводле яго, неабходна запрашэньне ў NATO, накіраванае ўсёй краіне цалкам. Хоць статус Альянсу можа прымяняцца толькі да тэрыторыі, якая кантралюецца ўладамі Кіева, Украіне павінны быць дадзены рэальныя гарантыі бясьпекі.
На мінулым тыдні ў Парыжы Зяленскі сустрэўся з абраным прэзыдэнтам Дональдам Трампам, які заявіў, не ўдаючыся ў падрабязнасьці, што хоча найхутчэйшага заканчэньня вайны.
Расея даўно адхіляе любую ідэю аб тым, што Ўкраіна стане сябрам NATO, а Пуцін настойвае, каб Кіеў зьмірыўся з анэксіяй Крамлём чатырох украінскіх рэгіёнаў, якія Масква кантралюе толькі часткова.
Форум