Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэстываль касплэю, канцэрт рок-гурту «Псыхея», выстава жывапісу. Якія імпрэзы сёлета адмянялі ў Беларусі і што на гэта ўплывала

Архіўнае фота
Архіўнае фота

Чаму пад забарону трапляюць беларускія мастакі, канцэрты ў гонар традыцыйных сьвятаў і расейскія рэпэры.

Каб правесьці ў Беларусі канцэрт ці фэстываль, трэба атрымаць на яго гастрольнае пасьведчаньне ад уладаў. Таксама арганізатары павінны быць у рэестры тых, каму дазволена рабіць культурныя імпрэзы. Аднак усё гэта не гарантуе выніку: ужо ўзгодненае мерапрыемства могуць адмяніць. Глядзім, якія падзеі сёлета адмянялі і што на гэта ўплывала.

Выстава жывапісу

Першага сьнежня ў музэі Янкі Купалы ў Менску мелася адкрыцца выстава жывапісу мастака Алеся Сушы «Добры вечар добрым людзям». Працаваць яна павінна была да 17 студзеня. Гэтай падзеяй абурылася прарасейская актывістка Вольга Бондарава з Горадні. Яна публічна абразьліва выказалася і пра дзяржаўны музэй, і пра Міністэрства культуры. А таксама запрасіла на адкрыцьцё ГУБАЗіК. У выніку выставу адмянілі. Канкрэтныя прычыны такога рашэньня не агучваліся.

Канцэрт на Дзяды

Трэцяга лістапада ў клюбе «Рэактар», які наноў адкрыўся, плянаваўся канцэрт з удзелам Івана Кірчука, Івы Сацівы і фальклёрнага гурту Guda. Аднак за тыдзень стала вядома, што канцэрт адменены.

Раней гэтай імпрэзай у гонар традыцыйнага беларускага сьвята таксама абуралася прарасейская актывістка Вольга Бондарава.

Канцэрт «Псыхеі»

21 верасьня ў тым жа клюбе «Рэактар» меўся даць канцэрт расейскі гурт «Псыхея». Аднак выступ адмянілі. У сваім інстаграм-акаўнце гурт патлумачыў, што гэта адбылося «зь незалежных ад іх прычынаў».

Яшчэ ў жніўні творчасьцю гурту абурылася тая ж даносчыца Бондарава, згадаўшы песьню «Забі мянта», забароненую ў Расеі (калектыў не выконвае яе на канцэртах з 2010 году).

Фэстываль касплэю

У Гомлі сёлета адмянілі фэстываль касплэю, заплянаваны на 11 траўня. Арганізатары паведамілі, што «вышэйшыя інстанцыі не гатовыя на цяперашні момант падтрымаць правядзеньне фэстывалю».

Фэстываль Free Time Fest ладзіцца ў Гомлі з 2015 году. У 2022 годзе яго не праводзілі ў сувязі з пачаткам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Летась ён адбыўся ў моцна скарочаным фармаце.

Канцэрты расейскіх музыкаў MZLFF і Алены Швец

Увесну ў менскім Палацы спорту рыхтаваліся канцэрты папулярных у падлеткаў выканаўцаў з Расеі: рэпэра MZLFF (21 красавіка) і індзі-поп-сьпявачкі Алены Швец (18 траўня).

Да гэтых выканаўцаў у Бондаравай таксама ўзьніклі прэтэнзіі, у іх творчасьці актывістка ўбачыла «вялізны дэструктыўны складнік». Абодва выступы ў выніку адмянілі. Прычына была названая ў адказе зь Мінкульту, які атрымалі арганізатары. Гэта «дзяржаўная палітыка ў сфэры культуры, накіраваная на стварэньне і ўмацаваньне традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасьцяў, грамадзянска-патрыятычнага выхаваньня дзяцей і моладзі».

Паказ фільмаў расейскага рэжысэра

11 і 13 сакавіка ў Менску ў Falcon Club меліся паказваць фільмы рэжысэра Аляксандра Сакурава. Паўдзельнічаць зьбіраўся сам Сакураў, а таксама рэжысэр Аляксандар Залатухін. Аляксандар Сакураў зьбіраўся прадставіць новы фільм «Казка» і стужку «Сонца» 2005 году, а ягоны вучань Залатухін — фільм «Хлопчык рускі». Паказы адмянілі «з тэхнічных прычынаў».

Да гэтага супраць паказаў выступілі беларускія прапагандысты Рыгор Азаронак і Вадзім Гігін. Прэм’ера фільму «Казка» адбылася ў жніўні 2023-га на кінафэстывалі ў Лякарна. У карціне Сталін, Гітлер, Мусаліні і Чэрчыль сустракаюцца ў пекле.

Фэномэн Бондаравай

Як бачым, некаторыя імпрэзы адмянялі пасьля абурэньня прарасейскай актывісткі Вольгі Бондаравай, хоць яна не чыноўніца і не рэгулюе сфэру культуры ў Беларусі. Пры гэтым ейныя скаргі прыводзяць да забарон не заўжды. Напрыклад, канцэрт расейскага музыкі GSPD прайшоў у Менску, нягледзячы на скаргі Бондаравай. Артыст выступіў 15 сакавіка ў Палацы спорту.

У жніўні Бондарава патрабавала ад уладаў забараніць гарбату з Украіны. На гэта ў Менгарвыканкаме ёй адказалі, што «Ўкраіны няма ў пераліку краін, якія «зьдзяйсьняюць недружалюбныя дзеяньні ў дачыненьні да беларускіх юрыдычных і (або) фізычных асоб». Таму «забараніць рэалізоўваць украінскія тавары ў нашай краіне немагчыма».

У чэрвені Вольга Бондарава абвінаваціла ў паклёпе начальніка абласной міліцыі Дзьмітрыя Разянкова, а пасьля два дні выбачалася перад усімі. «Прашу прабачэньня ва ўсіх, каго магла пакрыўдзіць неасьцярожным словам ці неабгрунтаванымі прэтэнзіямі: дэпутатаў, грамадзкіх дзеячоў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў», — казала прапагандыстка.

Адзін з суразмоўцаў, знаёмы са сфэрай культуры ў Беларусі, у размове са Свабодай патлумачыў, што «Бондарава піярыць свае посьпехі, а таксама яе вобразу падыгрываюць СМІ». І такім чынам «складаецца ўражаньне, што ўсе яе скаргі дзейнічаюць, хоць гэта ня так».

Чыноўнікі на такія скаргі вымушаныя фармальна рэагаваць, хаця ў іншым выпадку пры адсутнасьці „неабыякавых грамадзян“ з альтэрнатыўнай думкай»), «магчыма, не рабілі б гэтага», адзначыў суразмоўца.

«Няма правілаў гульні»

Паводле аўтара YouTube-праекту «Міністэрства сэпультуры», журналіста Аляксандра Чарнухі, да адмены імпрэзаў у Беларусі прыводзіць, сярод іншага, адсутнасьць «правілаў гульні».

«У Беларусі адсутнасьць нейкіх умоваў, правілаў гульні. Незразумела, як сябе паводзіць і што рабіць, каб тваё мерапрыемства на 100% не адмянілі. Частка чыноўнікаў перастрахоўваецца, частка проста не дазваляе нечага, бо бачаць паўсюль крамолу. А ёсьць яшчэ і актывісты, якія ня факт, што працуюць у адным рэчышчы з чыноўнікамі», — кажа журналіст.

Што да актывістаў, празь якіх у тым ліку адмяняліся канцэрты, то, на думку Чарнухі, няясна, чые гэта агенты ўплыву.

«Даносы могуць пісаць і на праўладныя мерапрыемствы, але актывісты са сваімі даносамі не на ўсё могуць паўплываць, бо апошняе слова за ўладамі», — зазначае суразмоўца.

Беларускі ПЭН-цэнтар, які робіць маніторынг парушэньняў правоў у сфэры культуры, заяўляе пра 67 фактаў цэнзуры ў Беларусі ў пэрыяд са студзеня па верасень гэтага году. Гэта адмена або прыпыненьне працы зацьверджаных выстаў, спэктакляў, кінапаказаў або канцэртаў індывідуальных выканаўцаў ці гуртоў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG