Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве пасьля расейскай атакі дронамі пацярпела паліклініка. У Расеі зноў гараць нафтабазы

абноўлена
Аскепкі расейскіх дронаў упалі ў двух раёнах украінскай сталіцы. Ілюстрацыйнае фота
Аскепкі расейскіх дронаў упалі ў двух раёнах украінскай сталіцы. Ілюстрацыйнае фота

У выніку апошняй расейскай атакі на энэргетыку Ўкраіны атамныя электрастанцыі зьнізілі магутнасьць працы. Па ўсёй краіне ўвялі графікі адключэньня электраэнэргіі.

Празь некалькі гадзін пасьля гэтага ўдару Расея пачала новую атаку дронамі.

Ва Ўкраіне зьбілі 88 з 132 запушчаных Расеяй дронаў

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што ў ноч на 29 лістапада расейскія бесьпілётнікі зьбівалі над Кіеўскай, Чарнігаўскай, Чаркаскай, Сумскай, Харкаўскай, Палтаўскай, Жытомірскай, Днепрапятроўскай, Запароскай і Адэскай абласьцях.

З 132 запушчаных Расеяй дронаў зьбілі 88, яшчэ 41 бесьпілётнік лякацыйна згубілі ў выніку ўзьдзеяньня сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, адзін дрон вярнуўся на тэрыторыю Расеі.

У некалькіх абласьцях зноў пашкоджаны інфраструктура, аўтамабілі, прыватныя і шматпавярховыя жылыя дамы.

У Кіеве аскепкі расейскіх дронаў трапілі ў дзіцячую паліклініку

Кіеўскія ўлады паведамілі, што ў выніку падзеньня расейскага бесьпілётніка ў адным з раёнаў загарэлася дзіцячая паліклініка, раненьні атрымаў адзін чалавек — яго шпіталізавалі.

У суседніх з мэдустановай трох жылых дамах павыляталі шыбы. Яшчэ ў адным раёне аскепкі дрона ўпалі на тэрыторыю інфраструктурнага аб’екта. Але ўлады не ўдакладняюць, што гэта за аб’ект.

У Сумскай, Херсонскай і Адэскай абласьцях ёсьць параненыя і загінулыя

У апэратыўным камандаваньні «Поўнач» адзначылі, што расейскія войскі абстралялі памежныя тэрыторыі Чарнігаўскай, Сумскай і часткі Харкаўскай абласьцей. Адбылося 128 выбухаў. Раненьні атрымаў адзін чалавек, пашкоджаны прадпрыемства, шматкватэрныя і прыватныя дамы, адна навучальная ўстанова.

У Херсонскай вобласьці расейцы абстралялі 15 населеных пунктаў, у тым ліку абласны цэнтар (адзін чалавек загінуў, дзевяць параненыя). Херсон цалкам застаўся без электраэнэргіі, спынены электрычны грамадзкі транспарт, ёсьць перабоі з вадой.

У Адэсе сямёра параненых, адзін зь іх знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане. Паводле абласных уладаў, у выніку расейскай атакі пашкоджаньні атрымалі 13 жылых дамоў, гаражы, чыгуначная інфраструктура і газаправод.

Тры ўкраінскія АЭС зьнізілі аб’ём вытворчасьці энэргіі

У Міжнародным агенцтве атамнай энэргіі (МАГАТЭ) паведамілі, што тры дзейныя атамныя электрастанцыі Ўкраіны — Хмяльніцкая, Ровенская і Паўднёваўкраінская — зьнізілі аб’ём вытворчасьці электраэнэргіі, але паведамленьняў аб іхным пашкоджаньні няма.

Генэральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі адзначыў, што зьніжэньне магутнасьці вытворчасьці стала неабходным крокам, каб папярэдзіць больш маштабныя наступствы расейскіх абстрэлаў па энэргетычным сэктары. У той жа час, як вынікае з паведамленьня МАГАТЭ, Хмяльніцкая АЭС на пэўны час страчвала сувязь зь дзьвюма лініямі электраперадачы.

Ва ўкраінскай кампаніі «Укренерго» удакладнілі, што ўвялі для бытавых спажыўцоў графікі адключэньня электраэнэргіі. Яны доўжацца ад 4 да 8 гадзін цягам дня. Энэргетыкі працягваюць аднаўляць пашкоджаныя аб’екты, але заклікаюць грамадзян зьменшыць спажываньне электраэнэргіі.

У Расеі зноў гараць нафтабазы

У Міністэрстве абароны Расеі паведамілі, што ў ноч на 29 лістапада зьбілі 47 украінскіх дронаў. Найбольш — 29 — над тэрыторыяй Растоўскай вобласьці.

У той жа час Юрый Слюсар, які часова выконвае абавязкі губэрнатара Растоўскай вобласьці, напісаў аб 30 зьбітых дронах.

«У Каменскім раёне дзяжурныя ратавальныя падразьдзяленьні тушаць вялікі пажар на прамысловым аб’екце. Усяго задзейнічалі 109 чалавек і 38 адзінак тэхнікі», — паведаміў ён.

Юрый Слюсар не ўдакладніў, якое прамысловае прадпрыемства пацярпела, але іншыя расейскія Telegram-каналы паведамляюць менавіта аб нафтабазе.

Згодна з паведамленьнем Мінабароны Расеі, яшчэ 8 дронаў зьбілі над Краснадарскім краем, па тры — над Белгарадзкай, Бранскай і Варонескай абласьцямі, і адзін — над Крымам.

Улады Краснадарскага краю пакуль не паведамляюць аб наступствах зьбіцьця ўдарных дронаў, але мясцовыя Telegram-каналы сьцьвярджаюць, што дроны пацэлілі ў нафтабазу «Атлас» і нафтапераробны завод у Туапсэ.

Пазьней інфармацыю аб пацэльваньні ў нафтабазу «Атлас» пацьвердзілі ў Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны. Гэта другая атака аб'екту з боку Ўкраіны, першая была сёлета летам. Цяпер, паводле зьвестак Генштабу, там гарыць мінімум два рэзэрвуары.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG