Аб распрацоўцы комплексу з такой назвай у 2021 годзе паведамлялі расейскія СМІ са спасылкай на крыніцы. Тады сьцьвярджалася, што гаворка ідзе аб «стратэгічным комплексе новага пакаленьня» і што праект толькі на стадыі распрацоўкі.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у сваім выступленьні ўвечары 21 лістапада назваў ракету, якой ударылі па Дняпры, «Арэшнікам». Ён адзначыў, што гаворка ідзе аб гіпэргукавой балістычнай ракеце сярэдняй далёкасьці ў няядзерным выкананьні.
Паводле ГУР, падлётны час гэтай расейскай ракеты з моманту запуску ў Астраханскай вобласьці да падзеньня ў горадзе Дняпро склаў 15 хвілін. На ракеце было ўстаноўлена шэсьць баявых частак, кожная зь якіх мае шэсьць суббоепрыпасаў. Хуткасьць на канцавым участку траекторыі — больш за 11 махаў (1 мах роўны хуткасьці гуку ў паветры — 1224 км на гадзіну), гэта значыць нават больш, чым сьцьвярджаў Пуцін. ГУР таксама заявіла, што да распрацоўкі мабільнага ракетнага комплексу «Кедр» быў прыцягнуты шэраг прадпрыемстваў вайскова-прамысловага комплексу Расеі, а яго выпрабаваньні праходзілі на палігоне Капусьцін Яр у мінулым і бягучым годзе.
Адкрытыя крыніцы, якія прааналізавала Радыё Свабода, пацьвярджаюць, што ракета, запушчаная па Дняпры, была зробленая ў Расеі. Сярод яе абломкаў знайшлі дэталь з маркіроўкай Цэнтральнага навукова-дасьледчага інстытуту аўтаматыкі і гідраўлікі (ЦНДІЯГ). Ён распрацоўвае і стварае высокадакладныя сыстэмы кіраваньня, якія прымяняюцца ў ракетных комплексах «Іскандэр», «Таполя-М», «Булава». Гэтую ж маркіроўку можна ўбачыць у дзяржзакупках Воткінскага заводу, які зьбірае гэтыя ракеты. Пры гэтым у паведамленьні ГУР ні ЦНДІЯГ, ні Воткінскі завод ня згадваюцца. Расейскія афіцыйныя асобы сьцьвярджэньня ГУР не камэнтавалі.
Экспэрты пасьля паведамленьняў пра запуск ракеты, якую раней Расея ў вайне супраць Украіны не выкарыстоўвала, абмяркоўваюць яе магчымыя характарыстыкі і тое, ці зьяўляецца «Арэшнік» новай, раней невядомай зброяй або гэтак пазначана якая-небудзь з ужо вядомых ракет, якія знаходзяцца на ўзбраеньні Расеі. Financial Times са спасылкай на высокапастаўленую ўкраінскую крыніцу піша, што гаворка, верагодна, ідзе аб ракеце, выпушчанай з ракетнага комплексу «Рубеж» з радыюсам дзеяньня да 6000 кілямэтраў. Пра тое, што ракета, верагодна, зьвязаная з комплексам «Рубеж», заявілі і ў Пэнтагоне.
Першапачаткова ўлады Ўкраіны заяўлялі, што ўдар мог быць нанесены міжкантынэнтальнай балістычнай ракетай, аднак крыніцы ў краінах Захаду гэта адмовілі. Агульная думка экспэртаў — што гэта была ракета сярэдняй далёкасьці.
ЗША і іх саюзьнікі асудзілі ўдар па Дняпры і выкарыстаньне Расеяй новага тыпу ўзбраеньняў. У Маскве, у сваю чаргу, назвалі гэта адказам на ўдары Ўкраіны па Расеі заходняй далёкабойнай зброяй.
26 лістапада ў Брусэлі з ініцыятывы Ўкраіны пройдзе пасяджэньне Рады Ўкраіна — NATO. Тэмай абмеркаваньня будзе прымяненьне Расеяй па Дняпры балістычнай ракеты сярэдняй далёкасьці.
Пасяджэньне Вярхоўнай Рады Ўкраіны 22 лістапада было адмененае з прычыны падвышанай пагрозы ракетнага нападу, сьцьвярджаюць украінскія СМІ са спасылкай на дэпутатаў. Таксама скарочаная колькасьць дзяржаўных служачых, якія выйшлі ў пятніцу на працу ў вышэйшых органах улады Ўкраіны. У Кабінэце міністраў і Офісе прэзыдэнта, аднак, кажуць, што яны працуюць у звычайным рэжыме.
Пуцін у сваім выступе заявіў, што ў выпадку, калі Расея зноў прыменіць «Арэшнік», яна будзе загадзя папярэджваць цывільнае насельніцтва. Ягоны прэс-сакратар Дзьмітрый Пяскоў у пятніцу сказаў, што мэханізмы такога апавяшчэньня прапрацоўваюцца.
Прэс-сакратар Белага дому Карын Жан-П’ер заявіла, што ў ЗША ведалі пра маючы адбыцца запуск і папярэдзілі пра яго Ўкраіну і сваіх партнэраў. 20 лістапада, за суткі да запуску, пасольства ЗША ў Кіеве часова зачынілася ў сувязі з пагрозай расейскага нападу — тады, зрэшты, гаворка ішла не пра пуск новай ракеты, а пра пагрозу масаванага авіяўдару. 21 лістапада пасольства зноў адчынілася.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум