«Ваш асабісты подзьвіг». Лукашэнка павіншаваў Трампа зь перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША

Дональд Трамп
Дональд Трамп

6 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка «сардэчна павіншаваў» Дональда Трампа зь перамогай на выбарах прэзыдэнта Злучаных Штатаў Амэрыкі, піша БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Лукашэнкі.

«Вынікі галасаваньня, якое сёлета праходзіла ў беспрэцэдэнтнай барацьбе, сталі ўвасабленьнем Вашага асабістага подзьвігу. Вы яго зьдзейсьнілі найперш у імя Амэрыкі і яе грамадзян. Жадаю Вам добрага здароўя, трапных палітычных рашэньняў, якія зробяць Амэрыку зноў вялікай», — гаворыцца ў віншаваньні Лукашэнкі.

22 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка, камэнтуючы выбары ў ЗША ў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, назваў сябе «прыхільнікам кампаніі Трампа».

«Скажу шчыра, чаму я прыхільнік кампаніі Трампа. Я ведаю, што будзе, калі застанецца Гарыс. Прыйдзе Трамп... Ну, я мяркую, што асабліва нічога добрага, але ўсё ж нейкая надзея ёсьць. Прыйдзе новы чалавек — нешта, магчыма, будзе новае. Прынамсі, нагаварыў жа шмат», — сказаў Лукашэнка.

Раніцай 6 лістапада падчас наведваньня цырымоніі адкрыцьця новага басэйна ў Менску Лукашэнка назваў Дональда Трампа пераможцам на выбарах у ЗША, адзначыўшы, што ён «заўзяты капіталіст» і «мільярдэр».

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская раней таксама павіншавала Трампа зь перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах і выказала спадзеў на пашырэньне супрацы з ЗША.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін пакуль афіцыйна не віншаваў Дональда Трампа зь перамогай на выбарах, але выданьне «Вёрстка» са спасылкай на крыніцы, блізкія да Крамля, і крыніцы ў расейскім парлямэнце сьцьвярджае, што Пуцін і іншыя прадстаўнікі расейскай улады «праз знаёмых» ужо павіншавалі Трампа.

​
XS
SM
MD
LG