Ціханоўская павіншавала Трампа зь перамогай і выказала спадзеў на пашырэньне супрацы з ЗША

Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская павіншавала Дональда Трампа «зь пераканаўчай перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах ЗША».

«Я зь нецярплівасьцю чакаю працягу і пашырэньня нашай супрацы з ЗША, каб прынесьці свабоду Беларусі. ЗША заўсёды будуць нашым ключавым хаўрусьнікам у нашай барацьбе за вызваленьне нашай краіны ад тыраніі», — напісала Сьвятлана Ціханоўская на сваёй старонцы на плятформе Х.

Выбары прэзыдэнта ЗША дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская назвала «вельмі цікавай гонкай».

Паводле прэс-службы дэмакратычнай лідэркі, Ціханоўская сачыла за гонкай «нават зь некаторай зайздрасьцю, бо беларусы пазбаўленыя права выбару ўжо шмат гадоў».

«Гэта сапраўды вялікая раскоша — ня ведаць, хто будзе наступным прэзыдэнтам. Менавіта такія выбары — жывыя, дынамічныя, эмацыйныя, а галоўнае, празрыстыя і справядлівыя, мы б хацелі пабачыць у Беларусі», — адзначыла палітык.

Ціханоўская паведаміла, што дэмакратычныя сілы маюць кантакты з атачэньнем Трампа і прадстаўнікамі Рэспубліканскай партыі і плянуюць «працаваць з новай адміністрацыяй, працягваць і ўмацоўваць адносіны».

«Мы разлічваем, што палітыка ў дачыненьні да Беларусі будзе рашучай, пасьлядоўнай, і прынцыповай. Беларусь павінна заставацца на міжнародным парадку дня. І амэрыканскае лідэрства адыгрывае ў гэтым надзвычай важную ролю», — адзначыла Ціханоўская, дадаўшы, што ЗША «былі, ёсьць і будуць нашымі саюзьнікамі ў барацьбе за дэмакратычную, незалежную і мірную Беларусь».

Як заявіў «Позірку» галоўны дарадца дэмакратычнага лідэра Франак Вячорка, камэнтуючы перамогу Трампа, беларускія дэмакратычныя сілы і ЗША працягнуць працу ў межах стратэгічнага дыялёгу, у сьнежні адбудзецца наступная яго сэсія (праз год пасьля першай у Вашынгтоне; пройдзе да інаўгурацыі Трампа. — «Позірк».).

«Я ня думаю, што варта чакаць нейкага істотнага развароту. У наступныя месяцы стане ясна, хто зойме ключавыя пасады ў новай амэрыканскай адміністрацыі», — мяркуе Вячорка.

6 лістапада Ціханоўская знаходзіцца ў Страсбуры на Сусьветным форуме за дэмакратыю.

​
XS
SM
MD
LG