Некалькі выбарчых участкаў у ЗША атрымалі пагрозы аб выбуху. ФБР кажа пра расейскі сьлед

Дональд Трамп і Камала Гарыс, кандыдаты ў прэзыдэнты ЗША на выбарах 2024 году. Каляж
Дональд Трамп і Камала Гарыс, кандыдаты ў прэзыдэнты ЗША на выбарах 2024 году. Каляж

5 лістапада ФБР заявіла, што выбарчыя ўчасткі ў некалькіх штатах ЗША сталі аб’ектам пагрозаў аб выбухах, многія зь якіх, выглядае, ідуць з расейскіх дамэнаў электроннай пошты.

Паводле афіцыйных асобаў, прынамсі два выбарчыя ўчасткі ў штаце Джорджыя былі эвакуаваныя з прычыны пагрозаў выбухаў. Абодва адкрыліся прыкладна праз 30 хвілінаў, і ўлады дамагаюцца судовай пастановы аб падаўжэньні часу галасаваньня, каб кампэнсаваць час, страчаны падчас эвакуацыі.

Дзяржаўны сакратар Джорджыі Брэд Рафэнспэргер заявіў, што за пагрозамі аб выбухах стаіць расейскае ўмяшаньне.

«Падобна, яны задумалі нешта нядобрае. Яны ня хочуць, каб мы правялі гладкія, сумленныя і дакладныя выбары, і калі ім удасца прымусіць нас біцца паміж сабой, яны могуць лічыць гэта перамогай», — сказаў Рафэнспэргер журналістам.

У сваёй заяве ФБР падкрэсьлівае, што ніводная з пагрозаў не была прызнаная праўдзівай.

Толькі штат Джорджыя атрымаў больш за два дзясяткі фальшывых пагрозаў аб бомбах у дзень выбараў, паведаміў Reuters прадстаўнік ФБР.

Раней прадстаўнікі выведкі і бясьпекі ЗША абвінавацілі Расею і Іран у нарошчваньні кібэратак і кампаній дэзынфармацыі з мэтай пасеяць разлад, калі амэрыканцы адправяцца на выбарчыя ўчасткі 5 лістапада галасаваць на напружаных прэзыдэнцкіх выбарах.

Зьвязаныя з Расеяй суб’екты ўплыву «вырабляюць відэаролікі і ствараюць фэйкавыя артыкулы, каб падарваць легітымнасьць выбараў, пасяліць страх у выбарнікаў адносна выбарчага працэсу і выказаць здагадку, што амэрыканцы ўжываюць гвалт адзін супраць аднаго з прычыны палітычных перавагаў», гаворыцца ў заяве, апублікаванай Упраўленьнем дырэктара нацыянальнай выведкі, ФБР і Агенцтвам кібэрбясьпекі і бясьпекі інфраструктуры ЗША 4 лістапада. «Гэтыя намаганьні могуць справакаваць гвалт, у тым ліку супраць службовых асобаў выбарчых камісій», — дадалі ў паведамленьні.

У асобным прэс-рэлізе ад 5 лістапада ФБР заявіла, што яму стала вядома пра два выпадкі неправамернага выкарыстаньня назвы і лягатыпу ФБР для прасоўваньня лжывых наратываў, зьвязаных з прэзыдэнцкімі выбарамі. Першы — сфабрыкаваны інфармацыйны ролік, аўтарства якога лжыва прыпісваецца самому ФБР. У ім зьмяшчаецца зьвернуты да амэрыканцаў заклік галасаваць дыстанцыйна з прычыны нібыта высокай тэрарыстычнай пагрозы на выбарчых участках.

«Гэтае відэа не зьяўляецца сапраўдным і не адлюстроўвае дакладна бягучую сытуацыю з пагрозай або бясьпекай выбарчых участкаў», — падкрэсьлілі ў ФБР.

Другі выпадак — відэа, якое зьмяшчае сфабрыкаваны прэс-рэліз ФБР, у якім сьцьвярджаецца, што кіраўніцтва пяці турмаў у Пэнсыльваніі, Джорджыі і Арызоне нібыта сфальсыфікавала вынікі галасаваньня зьняволеных і ўступіла ў змову з адной з палітычных партыяў. «Гэта відэа таксама не зьяўляецца сапраўдным, і ягоны зьмест ілжывы», — заявілі ў ФБР.

ФБР не называе, хто менавіта нясе адказнасьць за фабрыкацыю гэтых відэа. Пры гэтым выведвальныя агенцтвы ЗША ўжо некалькі месяцаў папярэджваюць пра спробы паўплываць на вынікі выбараў, якія падтрымлівае ўрад Расеі.

5 лістапада — асноўны дзень галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША. Два кандыдаты, якія прэтэндуюць на перамогу, — Дональд Трамп ад Рэспубліканскай партыі і Камала Гарыс ад Дэмакратычнай.

З моманту вылучэньня абодвух кандыдатаў на партыйных зьездах у канцы лета апытаньні паказваюць неадназначную сытуацыю. У апошнія тыдні перад выбарамі рэйтынгі кандыдатаў у ключавых штатах практычна зраўняліся, і часта розьніца паміж імі ляжыць у межах статыстычнай хібнасьці.

Вочнае галасаваньне заканчваецца вечарам 5 лістапада. Праз розныя правілы падліку бюлетэняў і розныя тэрміны прыняцьця бюлетэняў, дасланых праз пошту, у некаторых штатах вынікі могуць быць вядомыя на наступны дзень ці нават пазьней. У выпадку, калі розьніца ў галасах, пададзеных за таго ці іншага кандыдата, як гэта было ў 2020 годзе, нязначная, вынікі выбараў могуць стаць вядомыя празь некалькі дзён.

​
XS
SM
MD
LG