МЗС КНДР паабяцала падтрымку расейскай арміі «да перамогі»

Архіўнае фота.
Архіўнае фота.

Паўночная Карэя будзе аказваць падтрымку Расеі «да пераможнага дня». Пра гэта заявіла міністар замежных спраў КНДР Цой Сон Хі на сустрэчы са сваім расейскім калегам Сяргеем Лаўровым у Маскве.

Яна сказала, што з самага пачатку вайны ва Ўкраіне паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын даў указаньне «нязьменна і магутна падтрымліваць расейскае войска і народ».

Цой Сон Хі не прывяла падрабязнасьцей аб адпраўцы ў Расею паўночнакарэйскіх салдат або зброі і боепрыпасаў.

Пры гэтым заходнія крыніцы паведамляюць, што з КНДР у Расею ўжо адпраўленыя вайсковыя падразьдзяленьні для ўдзелу ў вайне з Украінай. Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што, паводле яго зьвестак, каля васьмі тысяч паўночнакарэйскіх вайскоўцаў ужо знаходзяцца ў Курскай вобласьці. Усяго ён ацэньвае колькасьць вайскоўцаў КНДР, адпраўленых у Расею, на ня менш як 10 тысяч чалавек.

Нямецкі фонд Фрыдрыха Наўмана падлічыў, што з пачатку вайны Расеі супраць Украіны Паўночная Карэя магла паставіць Расеі ўзбраеньня на суму каля 5,5 мільярда даляраў. Сама КНДР зьвесткі аб ваенных пастаўках не раскрывае.

  • КНДР — адна зь некалькіх краін сьвету, якія адкрыта падтрымліваюць Маскву ў вайне з Украінай. Пхэньян прызнаў анэксію ўкраінскіх тэрыторый Расеяй і, паводле шматлікіх паведамленьняў, забясьпечвае расейскае войска боепрыпасамі.
  • 24 кастрычніка Дзяржаўная Дума Расеі ратыфікавала дамову аб усёабдымным партнэрстве Расеі з КНДР. Яна прадугледжвае пашырэньне супрацоўніцтва ў навуцы і тэхналёгіях, у тым ліку ў сфэрах космасу і ядзернай энэргетыкі, гандлі, эканоміцы і інвэстыцыях. У да іове ўказана, што бакі будуць аказваць адзін аднаму ў тым ліку і вайсковую дапамогу, а таксама дапамогу ў абыходзе накладзеных на дзяржавы санкцый.

​
XS
SM
MD
LG