Расейскія войскі ў ноч на 29 кастрычніка атакавалі мірныя гарады Ўкраіны баявой авіяцыяй, артылерыяй і дронамі. Найбольш пацярпелі Харкаў, Крывы Рог і Кіеў.
У Маскве заявілі аб зьнішчэньні 7 украінскіх бесьпілётнікаў — па 2 над Бранскай і Курскай абласьцямі і аднаго — над акваторыяй Чорнага мора. Аб наступствах падзеньня дронаў у Міністэрстве абароны Расеі не паведамілі.
Ва Ўкраіне пацярпелі дзясяткі людзей
У Харкаве ў выніку расейскага авіяўдару загінулі чатыры і атрымалі раненьні сем чалавек. Як паведаміў мэр горада Ігар Церахаў, расейцы ўдарылі ў прыватны сэктар: чатыры дамы зьнішчаныя цалкам, яшчэ 19 пашкоджаныя.
«Апошнія дні вораг сканцэнтраваўся менавіта на тэрарыстычных ударах па Харкаве — б’е па жылых дамах, па нашых гістарычных помніках, па сымбалях горада, такіх як „Дзяржпрам“», — паведаміў Ігар Церахаў.
«Дзяржпрам» — Дом дзяржаўнай прамысловасьці, адзін зь першых савецкіх хмарачосаў (13 паверхаў), пабудаваны ў 1925-1928 гадах на самай вялікаай плошчы Харкава. «Дзяржпрам» не пацярпеў у часе другой усясьветнай вайны, у 2017 годзе яго прызналі помнікам UNESCO.
Ігар Церахаў паведаміў, што расейцы атакавалі Харкаў ракетай-гібрыдам «Гром-Е1» — гэта адна з найноўшых распрацовак Расеі, якую называюць аналягам амэрыканскіх ракет JDAM-ER.
Па Крывым Рогу расейцы нанесьлі ракетны ўдар. Пацярпеў жылы квартал зь вельмі шчыльнай шматкватэрнай забудовай. Удалося выратаваць пяць чалавек, 14 пацярпелі. У лякарні памёр 39-гадовы мужчына ў выніку атрыманьня траўмы галавы, стан яшчэ аднаго пацярпелага застаецца цяжкім.
У выніку ўдару амаль цалкам зруйнавалі трохпавярховы дом, яшчэ больш за 20 — пашкоджаныя. Перабіты газаправод, пашкоджана больш за 20 жылых дамоў, мэдычная ўстанова, школа, гаражы, аб’екты бізнэсу.
У Кіеве паветраную трывогу абвяшчалі двойчы, яна працягвалася больш за чатыры гадзіны. Украінскую сталіцы расейцы атакавалі дронамі. Прыцэльныя ўдары наносяць па Саломянскім і Сьвятошынскім раёнах Кіева. Пацярпелі 6 чалавек, аднаго зь іх шпіталізавалі.
Паводле мэра Кіева Віталя Клічко, у выніку падзеньня дрону загарэўся жылы дом, гандлёвы цэнтар і некалькі аўтамабіляў.
У Расеі аб маштабах зьбіцьця дронаў не паведамляюць.
На фронце адбылося 149 баявых сутыкненьняў
У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што за апошнія содні на ўсіх кірунках фронту адбылося 149 баявых сутыкненьняў. Найбольш — на курахаўскім кірунку ў Данецкай вобласьці.
Расейцы атакавалі пазыцыі ўкраінскіх вайскоўцаў ракетамі, кіраванымі авіябомбамі і з артылерыі.
Паводле ўкраінскага Генштабу, Расея працягвае ўтрымліваць вайсковы кантынгент на мяжы з Чарнігаўскай і Сумскай вобласьцямі, праводзіць выведную дзейнасьць, абстрэльвае памежжа пры дапамозе авіяцыі і дронаў.
Ва ўкраінскай аналітычнай групе DeepState сьцярвярджаюць, што на курахаўскім кірунку расейцы прасунуліся ў раёне пяці населеных пунктаў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум