«Першы пункт — запрашэньне ў NATO. Цяпер». Зяленскі прадставіў плян перамогі ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны

Уладзімір Зяленскі выступае ў Вярхоўна Радзе Ўкраіны ў лютым 2023 году. Ілюстрацыйнае фота
Уладзімір Зяленскі выступае ў Вярхоўна Радзе Ўкраіны ў лютым 2023 году. Ілюстрацыйнае фота

Плян уключае пяць пунктаў.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзмір Зяленскі прадставіў дэпутатам Вярхоўнай Рады Ўкраіны плян перамогі, за выключэньнем пунктаў, якія тычацца дапамогі і падтрымкі з боку хаўрусьнікаў краіны.

«Першы пункт — запрашэньне ў NATO. Цяпер», — заявіў Уладзімір Зяленскі. Гэтае выказваньне воплескамі падтрымаў і дэпутацкі корпус Украіны.

Наступныя чатыры пункты пляну: абарона, стрымліваньне, эканоміка і бясьпека. Яны прадугледжваюць працяг і ўзмацненьне вайсковай дапамогі партнэраў, дазвол наносіць удары па вайсковых аб’ектах Расеі, атрыманьне дадатковых сродкаў супрацьпаветранай абароны, разьмяшчэньне зброі стрымліваньня на тэрыторыі Ўкраіны і эканамічны патэнцыял.

Паводле Зяленскага, партнэры пасьля азнаямленьня з плянам перамогі ўспрынялі яго канструктыўна.

«Плян перамогі — гэта плян узмацненьня дзяржавы і яе пазыцый, каб быць дастаткова моцнымі ў завяршэньні вайны. Гэты плян залежыць ад партнэраў і дакладна не залежыць ад Расеі», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Прэзыдэнт Украіны перакананы, што выкананьне гэтага пляну дазволіць завяршыць вайну да канца 2025 году.

У пачатку кастрычніка Ўладзімір Зяленскі наведаў шэраг эўрапейскіх краін, кіраўнікам якіх прадставіў свой плян перамогі ў вайне з Расеяй.

У верасьні Ўладзімір Зяленскі азнаёміў з плянам перамогі прэыздэнта ЗША Джо Байдэна і віцэ-прэзыдэнта ЗША, кандыдата ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі Камалу Гарыс. Ён таксама меў сустрэчу ў ЗША з кандыдатам ад Рэспубліканскай партыі Дональдам Трампам.

​
XS
SM
MD
LG