Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея ў ноч на 16 кастрычніка атакавала Ўкраіну найбольшай колькасьцю дронаў

абноўлена
Украінскія мабільныя групы СПА адбіваюць атаку дронаў у Херсоне, ліпень 2024. Ілюстрацыйнае фота
Украінскія мабільныя групы СПА адбіваюць атаку дронаў у Херсоне, ліпень 2024. Ілюстрацыйнае фота

Ва Ўкраіне ўсё часьцей паведамляюць пра «лякацыйна згубленыя» расейскія дроны. З чым гэта зьвязана?

Ва Ўкраіне ў ноч на 16 кастрычніка абвясьцілі паветраную трывогу па ўсёй тэрыторыі краіны. Яна працягвалася 12 гадзін. Расея атакавала Ўкраіну найбольшай колькасьцью дронаў за апошні час.

У Цярнопальскай і Кіеўскай вобласьці пажары

У выніку пацэльваньня дронаў у Цярнопальскай вобласьці загарэлася адно з прамысловых прадпрыемстваў. У тушэньні маштабнага пажару задзейнічалі 57 выратавальнікаў і паліцыянтаў, а таксама 16 адзінак спэцыяльнай тэхнікі.

Раніцай пажар удалося лякалізаваць. Як паведамілі ў мясцовым упраўленьні Дзяржаўнай службы Ўкраіны ў надзвычайных сытуацыях, у выніку пажару ніхто не пацярпеў.

У Кіеўскай вобласьці ад падзеньня аскепкаў дронаў у адным з садоўніцкіх таварыстваў загарэўся прыватны дом, ён цалкам зьнішчаны. Згарэў аўтамабіль, які знаходзіўся побач зь ім. Пашкоджаньні атрымаў яшчэ адзін прыватны дом і гаспадарчыя памяшканьні.

Улады заявілі, што аб’екты крытычнай і сацыяльнай інфраструктуры не пацярпелі, пацярпелых сярод цывільных няма.

Расея ўсё часьцей выкарыстоўвае нявызначаныя дроны разам з баявымі бесьпілётнікамі

У ноч на 16 кастрычніка расейцы атакавалі Ўкраіну 136 дронамі. Як паведамілі ў апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны, усе яны былі запушчаныя з тэрыторыі Расеі.

Згодна з паведамленьнем, на раніцу сродкі супрацьпаветранай барацьбы Ўкраіны зьбілі 68 расейскі бесьпілётнік у Сумскай, Чаркаскай, Кіраваградзкай, Цярнопальскай, Херсонскай, Харкаўскай, Жытомірскай, Данецкай, Днепрапятроўскай, Мікалаеўскай, Кіеўскай, Палтаўскай, Чарнігаўскай і Чарнавецкай абласьцях.

Яшчэ 64 дронаў згубіліся ў выніку ўзьдзеяньня сродкаў радыёэлектроннай барацьбы ў розных рэгіёнах Украіны, два вярнуліся назад у Расею і яшчэ два пацэлілі ва ўкраінскія аб'екты.

Аб дроне, які нібыта зафіксаваны на тэрыторыі Беларусі, у Паветраных сілах Украіны нічога не паведамляюць.

Раней часовы выканаўца абавязкаў начальніка ўпраўленьня камунікацый камандаваньня Паветраных сіл Юры Ігнат у камэнтары выданьню «Українська правда» выказаў думку, што Расея ўсё часьцей выкарыстоўвае разам з баявымі небаявыя танныя дроны, каб на іх рэагавалі ўкраінскія сродкі СПА. Такія дроны робяць з танных матэрыялаў, без выбуховых рэчываў. Яны могуць самастойна падаць і не прыводзіць да разбурэньняў.

У той жа час, паводле яго, дакладна высьветліць, які быў дрон, магчыма толькі на зямлі, па ягоных аскепках.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG