Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы аднавілі тактычныя наступы ў Данецкай і Запароскай абласьцях

Сапэры 93-й асобнай мэханізаванай брыгады «Халодны Яр» у часе вучэньняў. Данецкая вобласьць, кастрычнік 2024. Ілюстрацыйнае фота
Сапэры 93-й асобнай мэханізаванай брыгады «Халодны Яр» у часе вучэньняў. Данецкая вобласьць, кастрычнік 2024. Ілюстрацыйнае фота

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) прыйшлі да высновы, што расейцы аднавілі тактычныя наступальныя атакі на мяжы Данецкай і Запароскай абласьцей, але ў Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны пакуль не прызнаюць, што ў гэтай апэрацыйнай зоне расейцы прарвалі ўкраінскую абарону.

У справаздачы ISW адзначаецца, што як мінімум два падразьдзелы расейскай арміі 12 і 13 кастрычніка правялі штурм сяла Ляваднае ў Запароскай вобласьці і нібыта прарвалі ў гэтым раёне ўкраінскую абарону і пачалі наступ у кірунку Навадараўкі.

У той жа час экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны падкрэсьлілі, што пакуль не знайшлі пацьвярджэньня расейскіх заяў аб захопе Ляваднага.

«Гэтая дзейнасьць пакуль не выглядае часткай больш шырокай апэратыўнай наступальнай апэрацыі па падтрымцы больш шырокага расейскага наступу на захадзе Данецкай вобласьці», — мяркуюць аналітыкі ISW.

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што за апошнія содні на арэхаўскім кірунку (у Запароскай вобласьці) расейцы тройчы спрабавалі выціснуць украінскія падразьдзелы з пазыцый паблізу Рабоціна і Малой Такмачкі.


Найбольш складанай украінскія вайскоўцы назвалі сытуацыю на курахаўскім, ліманскім, пакроўскім і купянскім кірунках фронту ў Данецкай вобласьці.

Усяго за апошнія содні на ўсіх лініях фронту адбылося, паводле ўкраінскага штабу, 105 баявых сутыкненьняў. Апроч таго, сілы абароны Ўкраіны, сьцьвярджаецца ў зводцы, працягваюць апэрацыю ў Курскай вобласьці.

Пазьней украінская аналітычная група DeepState удакладніла, што расейцы захапілі адразу тры населеныя пункты ў Данецкай вобласьці — Мікалаўеку, Чырвоны Яр і Круты Яр. Паводле аналітыкаў, сытуацыя ў Курскай вобласьці Расеі таксама не выглядае «радаснай»: нягледзячы на стабілізацыйныя захады ўкраінскіх сіл, яны ня могуць вярнуць пад кантроль страчаныя населеныя пункты.

Упаўнаважаная Расеі ў правах чалавека Тацяна Маскалькова паведаміла, што з памежных раёнаў Курскай вобласьці эвакуавалі больш за 112 тысяч чалавек. Яшчэ 40 тысяч жыхароў адмовіліся ад эвакуацыі або вярнуліся дадому.

На гэтым тле расейскія войскі працягваюць штодзённа абстрэльваць прыфрантавыя і тылавыя вобласьці Ўкраіны. Але ноч на 14 кастрычніка стала першай, калі расейцы не запусьцілі на ўкраінскую тэрыторыю ніводнага баявога бесьпілётніка.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG