Ізраіль абвясьціў аб ліквідацыі яшчэ аднаго лідэра «Хэзбалы»

Выбух у Бэйруце пасьля ізраільскага ўдару 7 кастрычніка 2024
Выбух у Бэйруце пасьля ізраільскага ўдару 7 кастрычніка 2024

Раней ізраільскія вайскоўцы забілі двух патэнцыйных пераемнікаў загінулага кіраўніка «Хэзбалы» Хасана Насралы.

10 кастрычніка ізраільскія вайскоўцы абвясьцілі аб ліквідацыі яшчэ аднаго высокапастаўленага прадстаўніка праіранскай групоўкі «Хэзбала» Адгама Джахута ў выніку авіяўдару ў сырыйскім рэгіёне Кунэйтра.

Паводле зьвестак Арміі абароны Ізраіля (ЦАХАЛ), ён зьяўляецца чальцом «Галанскай тэрарыстычнай сеткі» ў складзе «Хэзбалы».

Ізраіль анэксаваў Галанскія вышыні пасьля захопу іх у Сырыі падчас блізкаўсходняй вайны 1967 году. Гэтая анэксія не была прызнаная большасьцю краін сьвету.

Акрамя таго, 10 кастрычніка ізраільскія вайскоўцы заявілі, што забілі двух камандзіраў «Хэзбалы» на поўдні Лібану, а іх баявыя самалёты атакавалі склады боепрыпасаў у раёне Бэйруту і на поўдні Лібану. Асобы абодвух камандзіраў вызначыць адразу не ўдалося.

«Мы зьнішчылі тысячы тэрарыстаў, уключаючы самога Насралу, пераемніка Насралы і пераемніка яго пераемніка. Сёньня „Хэзбала“ слабейшая, чым была цягам многіх гадоў», — паведаміў раней прэм’ер-міністар Ізраіля Біньямін Нэтаньягу ў сваім відэазвароце да жыхароў Лібану.

Гаворачы аб пераемніку Насралы, Нэтаньягу меў на ўвазе Гашэма Сафі ад-Дына — аб яго сьмерці ў выніку авіяўдару па бункеры на поўдні Бейрута паведаміла Al Arabiya 5 кастрычніка. Прэм’ер Ізраілю не ўдакладніў імя загінулага «пераемніка пераемніка» Насралы.

Лідэр «Хэзбалы» загінуў пры ўдары па падземным цэнтральным штабе групоўкі ў Бэйруце вечарам 27 верасьня.

ХАМАС прызнаны тэрарыстычнай групоўкай у ЗША і Эўразьвязе. «Хэзбалу» ЗША адносяць да тэрарыстычных арганізацыяў, а ЭЗ унёс у чорны сьпіс яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю. Партыя «Хэзбала» мае месцы ў лібанскім парлямэнце.

​
XS
SM
MD
LG