Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія дроны пацэлілі ў склад боепрыпасаў пад Бранскам. У Крыме трэці дзень гарыць нафтабаза

Спадарожнікавае фота месца пажару ў Феадосіі. 8 кастрычніка 2024 году
Спадарожнікавае фота месца пажару ў Феадосіі. 8 кастрычніка 2024 году

Расейцы нанесьлі ракетны ўдар па Палтаўскай вобласьці Ўкраіны.

У трох рэгіёнах Расеі — Краснадарскім краі, Бранскай і Растоўскай вобласьцях — у ноч на 9 кастрычніка працавала супрацьпаветраная абарона.

Пад Бранскам украінскія дроны пацэлілі ў склад боепрыпасаў. Губэрнатар Бранскай вобласьці Аляксандар Багамаз паведаміў, што расейская СПА зьбіла над рэгіёнам 24 бесьпілётнікі.

Кіраўнік расейскага рэгіёну пераконваў у сваім Telegram-канале, што пацярпелых і разбурэньняў няма, але на месцах працавалі апэратыўныя і тэрміновыя службы.

Аднак ужо раніцай Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Расеі абвясьціла «надзвычайную сытуацыю» у Карачаўскім раёне Бранскай вобласьці праз дэтанацыю выбуховых прадметаў.

Паводле адкрытых крыніц інфармацыі, каля Карачава знаходзіцца 67-ы арсэнал з рознымі боепрыпасамі галоўнага ракетна-артылерыйскага ўпраўленьня Міністэрства абароны Расеі. Ягоная плошча перад інцыдэнтам складала прыблізна 3,5 кв. км.

18 верасьня ўкраінскія вайскоўцы нанесьлі ўдар па складзе з боепрыпасамі ў горадзе Таропец Цьверскай вобласьці Расеі. Там захоўваліся ракеты для комплексаў «Искандер», апэратыўна-тактычныя ракетныя комплексы «Точка-У», зэнітныя ракеты і артылерыйскія боепрыпасы. Паведамлялі таксама, што перад атакай туды пасьля рамонтна-тэхнічнага абслугоўваньня былі прывезьлі ракеты зь Беларусі.

У акупаваным Крыме далей змагаюцца з пажарам у Феадосіі

Расейская адміністрацыя акупаванага Крыму паведаміла 9 кастрычніка, што зь месца надзвычайнай сытуацыі ў Феадосіі эвакуавалі 1129 чалавек.

«Захады для ліквідацыі надзвычайнай сытуацыі тэхнагеннага характару працягваюцца. Камісія ацэнкі нанесеных стратаў працягвае сваю працу», — паведамілі расейскія ўлады акупаванага Крыму.

Як адзначаюць спэцыялісты, пажар на нафтабазе можна патушыць толькі пасьля выгараньня ўсяго паліва.

Журналісты Расейскай службы Радыё Свабода апублікавалі спадарожнікавыя фота месца надзвычайнай сытуацыі, датаваныя 8 кастрычніка. На той момант полымя ахапіла ня менш за 10 рэзэрвуараў з палівам. Пазьней відавочцы паведамілі, што пажар перакінуўся на іншыя рэзэрвуары, якія ў выніку выбухнулі.

Расея атакавала Ўкраіну ракетамі і дронамі

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што Расея атакавала ўкраінскія гарады трыма ракетамі «Искандер» з Курскай вобласьці і 22 ударнымі дронамі з тэрыторыі Расеі і акупаванага Крыму.

«У выніку супрацьпаветранага бою зьбілі 21 варожы БпЛА ў Адэскай, Віньніцкай і Кіеўскай вобласьцях. Яшчэ адзін бесьпілётнік павярнуў у кірунку Расеі», — адзначаецца ў паведамленьні.

Як паведамілі ўлады Ўкраіны, расейцы атакуюць Адэскую вобласьць трэці дзень запар. Украінскія вайскоўцы зьбілі большасьць дронаў, але ў выніку атакі 5 чалавек атрымалі раненьні, тры зь іх — шпіталізавалі. Пацярпеў жылы сэктар і адна з мэдычных установаў.

У Палтаўскай вобласьці ў выніку ракетнага абстрэлу пацярпеў прамысловы аб’ект. Паводле папярэдняй інфармацыі, абышлося без пацярпелых.

Улады Кіеўскай і Віньніцкай вобласьцяў пакуль не паведамілі аб маштабах разбурэньняў і пацярпелых ад расейскай атакі дронамі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG