Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША патлумачылі адмову зьбіваць расейскія ракеты над Украінай

Вынікі расейскага ракетнага ўдару па Харкаву, 3 кастрычніка 2024 году.
Вынікі расейскага ракетнага ўдару па Харкаву, 3 кастрычніка 2024 году.

Вашынгтон падтрымлівае Ўкраіну ў яе барацьбе за вяртаньне сваёй сувэрэннай тэрыторыі, аднак прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн абяцаў, што войскі Злучаных Штатаў ня будуць змагацца на тэрыторыі Украіны. Такую заяву зрабіла афіцыйная прадстаўніца Пэнтагону Сабрына Сінгх.

Яе словы прыводзіць DW.

Так яна адказала на пытаньне аб закліку прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага да сіл NATO зьбіваць расейскія ракеты і беспілётнікі над тэрыторыяй яго краіны гэтак жа, як яны зьбіваюць варожыя ракеты і дроны над тэрыторыяй саюзьніка ЗША Ізраіля.

Сінгх было зададзенае дадатковае пытаньне, ці будзе расцэньвацца як задзейнічаньне войскаў ЗША на тэрыторыі Украіны (boots on the ground) сытуацыя, пры якой расейскія ракеты будуць зьбіваць сродкамі СПА, разьмешчанымі ў Польшчы ці Румыніі? Прэсавая сакратарка Міністэрства абароны ЗША заявіла: «Гэта будзе ўмяшаньнем ( ЗША ў вайну Расеі супраць Украіны. — DW) У дадзены момант у нас ёсьць адчуваньне, што Украіна змагла пасьпяхова абараніць свае гарады, сваё насельніцтва, сваю інфраструктуру ад расейскіх авіяўдараў. І мы зьбіраемся і далей гарантаваць, што ў іх будзе тая падтрымка, якая ім для гэтага патрэбная».

Вайна ва Ўкраіне і канфлікт на Блізкім Усходзе з удзелам Ізраіля — гэта «два розныя пэйзажы і зусім розныя палі бітвы», падкрэсьліла Сінгх.

Яна дадала, што кіраўнік Пэнтагону Лойд Осьцін 3 кастрычніка стэлефанаваўся з міністрам абароны Ўкраіны Рустэмам Умеравым, і яны абмеркавалі разьвіцьцё сытуацыі на фронце, бягучыя апэрацыі ЎСУ і іх патрэбы. Паводле ацэнкі Вашынгтона, украінцы «вельмі пасьпяхова выкарыстоўваюць сродкі супрацьпаветранай абароны і іншыя магчымасьці, каб працягваць адваёўваць свае тэрыторыі», заявіла Сабрына Сінгх.

Заклік Зяленскага да NATO дапамагчы Кіеву са зьнішчэньнем ракет РФ над Украінай

3 кастрычніка Ўладзімір Зяленскі на сумеснай прэсавай канферэнцыі з новым генэральным сакратаром NATO Маркам Рутэ заявіў, што, на яго думку, зьнішчэньне варожых ракет над Ізраілем з дапамогай сілаў СПА NATO «нічым не адрозьніваецца» ад зьнішчэньня ракет РФ і дронаў іранскай вытворчасьці Shahed над Украінай.

«Сумеснае зьбіваньне іранскіх ракет нічым не адрозьніваецца ад зьбіваньня расейскіх ракет, ад зьбіваньня іранскіх Shahed, якія аб’ядноўваюць расейскі і іранскі рэжымы. Больш рашучасьці партнэрам у нашым рэгіёне. Гэта тое, што трэба, каб пакласьці канец расейскаму тэрору. Мы будзем і ў далейшым пераконваць нашых партнэраў у неабходнасьці зьбіваньня расейскіх ракет і дронаў», — заявіў Зяленскі.

Ён сказаў, што Кіеў разьлічвае на абмеркаваньне гэтага пытаньня, паколькі патрабуе вынікаў ужо перад зімой.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG