У Расеі назвалі колькасьць падпісаных з прадпрыемствамі Беларусі кантрактаў з пачатку вайны супраць Украіны

Будынак ураду Расеі. Ілюстрацыйнае фота
Будынак ураду Расеі. Ілюстрацыйнае фота

Кантракты прадугледжваюць узаемныя пастаўкі сыравіны, матэрыялаў і камплектуючых.

Ва ўрадзе Расеі паведамілі, што з сакавіка 2022 да 31 жніўня 2024 году падпісалі 6758 зьнешнегандлёвых кантрактаў зь беларускімі прадпрыемствамі.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, агульны кошт кантрактаў складае каля 180 мільярдаў расейскіх рублёў (прыблізна 2 мільярды даляраў у эквіваленце. — РС).

«Некалькі тысяч прадпрыемстваў абедзьвюх дзяржаў уключаныя ў сыстэмы каапэрацыйнага ўзаемадзеяньня, ажыцьцяўляюць узаемныя пастаўкі сыравіны, матэрыялаў і камплектуючых», — адзначылі ва ўрадзе Расеі.

Якую долю ў гэтым аб'ёме складаюць ваенныя кантракты, не ўдакладнілі.

Пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, падтрыманага ўладамі Беларусі, супраць Расеі і Беларусі пачалі ўводзіць міжнародныя санкцыі. У выніку краіны вымушаныя былі актывізаваць узаемную супрацу ў сфэрах, зьвязаных у тым ліку і з абароннай прамысловасьцю.

Праз пэўны час пасьля пачатку вайны шэраг беларускіх прадпрыемстваў пачалі выконваць расейскія заказы. У пералік санкцый, уведзеных Эўразьвязам, ЗША, Вялікай Брытаніяй і Канадай, былі ўключаныя такія прадпрыемствы, як Беларускае оптыка-мэханічнае аб’яднаньне, Аршанскі авіярамонтны завод, Менскі завод колавых цягачоў (МЗКЦ), ААТ «КБ „Радар“», ААТ «558-ы авіяцыйны рамонтны завод», ААТ «Інтэграл», ТАА «Абаронныя ініцыятывы» і іншыя.

​
XS
SM
MD
LG