Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The Times: ключавы пункт «пляну перамогі» Зяленскага — гарантыі бясьпекі

Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

«Плян перамогі», які прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі мае намер прадставіць у ходзе візыту ў ЗША на гэтым тыдні прэзыдэнту Злучаных Штатаў Джо Байдэну і іншым сусьветным лідэрам, у першую чаргу прадугледжвае наданьне Ўкраіне доўгатэрміновых гарантыяў падтрымкі з боку Захаду.

Пра гэта піша брытанская газэта The Sunday Times, адзначаючы, што гарантыі павінны быць такімі, каб ад іх не магла адмовіцца новая адміністрацыя ЗША, у тым ліку ў выпадку гіпатэтычнай перамогі на выбарах рэспубліканца Дональда Трампа.

Сярод чатырох асноўных пунктаў пляну Зяленскага, як піша газэта са спасылкай на крыніцы, запыт аб гарантыях бясьпекі займае ключавое месца. Па сутнасьці, ідзецца аб гарантыях, аналягічных пятаму артыкулу дамовы аб калектыўнай абароне Паўночнаатлянтычнага альянсу. Яшчэ адзін пункт пляну, пра які не паведамлялася раней, — падтрымка працягу апэрацый УСУ на тэрыторыі Расеі, у прыватнасьці ў Курскай вобласьці. Акрамя таго, у пляне гаворыцца пра гарантыі паставак Украіне сучаснай зброі і пра міжнародную фінансавую дапамогу.

Раней шэраг выданьняў пісалі пра тое, што плян прадугледжвае таксама фармальнае запрашэньне Ўкраіне ўступіць у NATO і дазвол на ўдары ўглыб тэрыторыі Расеі заходняй дальнабойнай зброяй. Афіцыйна плян пакуль не апублікаваны. Уладзімір Зяленскі раней казаў, што ён складаецца з чатырох пунктаў і яшчэ аднаго, які будзе актуальны ўжо для пасьляваеннага пэрыяду.

Крыніцы The Sunday Times таксама пішуць, што Байдэн падчас візыту Зяленскага, хутчэй за ўсё, публічна не абвесьціць пра зьняцьцё забароны на выкарыстаньне амэрыканскіх дальнабойных ракет для ўдараў па тэрыторыі Расеі. Такое рашэньне, аднак, можа быць прынятае негалосна, як раней пісала брытанская газэта The Guardian. Расейскія ўлады раней пагражалі Захаду наступствамі ў выпадку прыняцьця такога рашэньня.

Няясна, якім чынам маглі б быць аформленыя гарантыі бясьпекі Ўкраіны, аналягічныя яе ўдзелу ў NATO. Шэраг краін Захаду, у тым ліку і ЗША, неаднаразова падкрэсьлівалі, што, дапамагаючы Ўкраіне, маюць намер пазьбягаць прамога збройнага канфлікту з Расеяй.

Паводле The Sunday Times, Зяленскі хоча «абараніць ад Трампа» амэрыканскую падтрымку Кіеву, пасьля таго як Трамп і рэспубліканскі кандыдат у віцэ-прэзыдэнты Джэймз Дэйвід Вэнс паабяцалі спыніць вайну ва Ўкраіне шляхам тэрытарыяльных саступак.

Спрабуючы заручыцца падтрымкай ягонага пляну дзейнай адміністрацыяй ЗША, Зяленскі імкнецца прадухіліць прымус ягонае краіны да нявыгаднага мірнага пагадненьня з РФ у выпадку вяртаньня Трампа ў Белы дом. «Давайце зробім усё гэта сёньня, пакуль пасады займаюць афіцыйныя асобы, якія жадаюць перамогі Ўкраіны», — цытуе брытанская газэта словы ўкраінскага прэзыдэнта.

Уладзімір Зяленскі прыбыў у Нью-Ёрк у нядзелю, 23 верасьня. На наступным тыдні ён, як чакаецца, выступіць на пасяджэньні Генэральнай Асамблеі ААН. 26 верасьня ў Белым доме павінна адбыцца яго сустрэча з Джо Байдэнам. Ён мае намер сустрэцца таксама з абодвума кандыдатамі ў прэзыдэнты ЗША — Камалай Гарыс і Дональдам Трампам. Заплянаваныя і яго сустрэчы з кіраўніцтвам Кангрэсу, а таксама лідэрамі шэрагу краін і міжнародных арганізацый.

У відэазвароце, які Зяленскі запісаў у дарозе ў ЗША, ён зазначыў, што гэтай восеньню «вырашаецца, што будзе далей у гэтай вайне».

У інтэрвію амэрыканскаму выданьню The New Yorker перад візытам у ЗША Зяленскі зазначыў, што лічыць «жахлівай» думку, што прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн не падтрымае прапанаваны Ўкраінай плян. На думку Зяленскага, гэта прывяло б да вельмі доўгай вайны зь вялікай колькасьцю ахвяр. «Гэта азначала б, што Байдэн ня хоча скончыць вайну спосабам, які пазбаўляе Расею перамогі», — адзначыў Зяленскі, падкрэсьліўшы, што ў гэтым выпадку Ўкраіна працягнула б «жыць паводле пляну Б».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG