«Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін не пераможа ў вайне з Украінай», — заявіў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падчас сустрэчы ў Белым доме з прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Кірам Стармэрам.
Як піша «Голас Амэрыкі», у парадку дня амэрыкана-брытанскіх перамоваў — пытаньне аб дазволе Кіеву выкарыстоўваць ракеты вялікай далёкасьці для ўдараў углыб тэрыторыі Расеі. Менавіта да гэтага прэзідэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікае лідэраў у Вашынгтоне і Лёндане.
Лідэры ЗША і Вялікабрытаніі пацьвердзілі сваю непахісную падтрымку Ўкраіны, якая працягвае абараняцца ад расейскай агрэсіі.
Яны выказалі глыбокую занепакоенасць наконт паставак Іранам і Паўночнай Карэяй сьмяротнай зброі Расеі і падтрымкі Кітайскай Народнай Рэспублікай расейскага абаронна-прамысловага комплексу.
Акрамя таго, прэс-служба Белага дома, паведаміла, што Байдэн і Крамэр пацвердзілі сваю непахісную прыхільнасьць да бясьпекі Ізраіля, настойлівую неабходнасьць дасягненьня пагадненьня аб спыненьні агню і вызваленьня закладнікаў. Абодва лідэры асудзілі атакі хусітаў, якія падтрымліваюцца Іранам, на гандлёвыя судны ў Чырвоным моры.
Прэзыдэнт ЗША і прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі абмеркавалі супрацоўніцтва дзьвюх краін у галіне чыстай энэргіі і перадавых тэхналёгій, а таксама магчымасьці паглыбленьня трывалых эканамічных сувязей паміж ЗША і Вялікабрытаніяй.
Заявы аб магчымасьці выкарыстаньня амэрыканскай зброі на тэрыторыі Расеі не было
Раней прэзідэнт Байдэн сказаў, што «працуе» над запытам Украіны па ракетах вялікай далёкасьці. У чацвер прэзідэнт Уладзімір Пуцін заявіў, што падобны дазвол азначаў бы, што NATO знаходзіцца ў стане вайны з Расеяй.
Па шляху ў Вашынгтон Кір Стармэр пракаментаваў гэтае сьцьвярджэнне ў гутарцы з брытанскімі журналістамі, якія ляцелі разам з ім: «Расея пачала гэты канфлікт. Расея незаконна ўварвалася ва Ўкраіну. Расея можа спыніць гэты канфлікт у гэтую хвіліну».
Раней каардынатар Белага дома па камунікацыях у сфэры нацыянальнай бяспекі Джон Кірбі растлумачыў: «Ён [Пуцін] чапляецца за... [гэты наратыў] з самага пачатку вайны: што яму давялося ўварвацца ва Ўкраіну, што NATO яго атачае, што падтрымка Ўкраіны з боку NATO і ЗША даказвае, што гэта Захад ваюе з Расеяй. Усё гэта — суцэльная лухта. Гэта ў чыстым выглядзе агрэсіўная вайна Расеі супраць Украіны — так было заўсёды, з самага пачатку».
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн і прэм'ер-міністар Вялікабрытаніі Кір Стармэр на сустрэчы 13 верасьня пацьвердзілі сваю «нязьменную падтрымку» Ўкраіны, гаворыцца ў заяве Белага дома пасьля перамоў. Тэма паслабленьня абмежаваньняў на прымяненьне Кіевам зброі далёкага дзеяньня ўглыб тэрыторыі Расеі ў дакумэнце ня згадваецца.
Злучаныя Штаты абмежавалі выкарыстаньне Ўкраінай амэрыканскай зброі далёкага радыюсу дзеяньня з-за асьцярогі, што гэта можа прывесьці да эскаляцыі вайны і, магчыма, падштурхнуць Расею да выкарыстаньня ядзернай зброі.
За некалькі гадзін да пачатку перамоваў прэс-сакратар Белага дома па нацыянальнай бяспецы Джон Кірбі заявіў, што ЗША не плянуюць абвяшчаць якую-небудзь новую палітыку ў гэтым пытаньні.
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен і кіраўнік брытанскага знешнепалітычнага ведамства Дэвід Лэмі здзейсьнілі на днях сумесны візыт у Кіеў, дзе абмяркоўвалі пытаньне далейшай вайсковай падтрымкі Ўкраіны.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум