Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уначы Расея атакавала Ўкраіну 67 дронамі, некалькі зь іх паляцелі ў бок Беларусі. У Кіеве ўзьнік пажар

абноўлена
Расейскі ўдарны бесьпілётнік ва ўкраінскім небе, фота ілюстрацыйнае
Расейскі ўдарны бесьпілётнік ва ўкраінскім небе, фота ілюстрацыйнае

У ноч на 7 верасьня 2024 году расейскія войскі атакавалі Ўкраіну ўдарнымі бесьпілётнікамі тыпу Shahed. Радыётэхнічныя войскі Паветраных сіл Украіны гулам выявілі 67 «Шахедаў», гаворыцца ў паведамленьні ўкраінскіх вайскоўцаў.

У выніку над тэрыторыяй Украіны зьбілі 58 ударных дронаў.

«Шэсьць бесьпілётнікаў выйшлі з падкантрольнай паветранай прасторы Ўкраіны, паляцеўшы ў напрамку Расеі, Беларусі і часова акупаванай Луганшчыны. Яшчэ тры варожых БПЛА лякацыйна страчаныя на тэрыторыі Ўкраіны (верагодна ўпалі пад уплывам сродкаў РЭБ)», — гаворыцца ў паведамленьні.

Колькі з гэтых дронаў у выніку заляцелі на тэрыторыю Беларусі, не ўдакладняецца.

Праект маніторынгу ваеннай актыўнасьці «Беларускі Гаюн» сьцьвярджае, што ў ноч з 6 на 7 верасьня ў паветраную прастору Беларусі агулам заляцелі 4 расейскія дроны «Шахед». Паводле зьвестак праекту, першы дрон каля 23.20 зайшоў на тэрыторыю Гомельскай вобласьці з Чарнігаўшчыны і «прайшоў праз Лоеў», другі — каля 2.45, таксама з Чарнігаўскай заляцеў у Гомельскую вобласьць, праз Лоеў, і працягнуў рух на паўночны захад курсам на Васілевічы, трэці зайшоў у Беларусь каля 3.10 і трымаў курс у напрамку Мазыра, чацьвётры — заляцеў у 3.38 у раёне Лоева і «рухаўся курсам на захад».

Паводле Паветраных сіл Ўкраіны, у ноч на 7 верасьня ўкраінская супрацьпаветраная абарона працавала ў 11 абласьцях — Віньніцкай, Ровенскай, Хмяльніцкай, Кіеўскай, Кіраваградзкай, Мікалаеўскай, Чарнігаўскай, Чаркаскай, Сумскай, Херсонскай і Палтаўскай.

Раніцай 7 верасьня Расея атакавала дронамі Кіеў. Усе яны былі зьнішчаныя. Абломкі зьбітых дронаў выявілі ў чатырох месцах украінскай сталіцы, паведаміў кіраўнік кіеўскай адміністрацыі Сяргей Папко, у тым ліку — у двары жылога дома. Таксама абломкі расейскіх дронаў упалі ўцэнтры Кіева каля будынка Вярхоўнай рады Ўкраіны.

Паводле папярэдніх зьвестак, пацярпелых і разбурэньняў няма. У выніку падзеньня абломкаў дрона ўзьнік пажар плошчай 50 квадратных мэтраў на адкрытай мясцовасьці ў Пячорскім раёне Кіева. Яго апэратыўна патушылі.

Таксама расейскае войска 7 верасьня абстраляла з артылерыі горад Канстанцінаўка ў Краматорскім раёне Данецкай вобласьці. У выніку абстрэлу загінулі трое мужчын ва ўзросце ад 24-х да 69 гадоў, яшчэ тры чалавекі атрымалі раненьні, паведаміў кіраўнік Данецкай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Філашкін.

У Канстанцінаўцы пашкоджаны шматпавярховік, адзін адміністрацыйны будынак, крама, аптэка, 6 аўтамабіляў і 3 лініі электраперадачы.

Над Украінай працягваюць лётаць расейскія ўдарныя бесьпілётнікі. Паветраную трывогу аб’яўлялі ў васьмі рэгіёнах.

  • Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году. Паводлезьвестак ААН, за два гады вайны ва Ўкраіне былі забітыя больш за дзесяць тысяч чалавек, параненыя амаль дваццаць тысяч. Таксама ААН задакумэнтавала пакараньні, выкраданьні, катаваньні, жорсткае абыходжаньне і адвольныя затрыманьні мірных жыхароў расейскімі вайскоўцамі. Расейскія вайскоўцы рэгулярна атакуюць украінскія рэжіёны з розных відаў узбраеньня.
  • Кіраўніцтва Расеі адмаўляе, што расейскае войска падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па грамадзянскай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, забіваючы цывільнае насельніцтва і разбураючы бальніцы, школы, дзіцячыя сады, аб’екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня.
  • Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расеі і падкрэсьліваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG