Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн пра ўдар Расеі па Палтаве: «Спроба Пуціна зламаць волю свабоднага народу»

Джо Байдэн, архіўнае фота
Джо Байдэн, архіўнае фота

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што «рашуча асуджае жудасны напад» на ўкраінскі горад Палтаву, у выніку якога загінуў 51 чалавек і яшчэ 271 быў паранены.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн выступіў з заявай, распаўсюджанай Белым домам у ноч на 4 верасьня:

«Гэты напад — трагічны напамін аб бесьперапынных і абуральных спробах Пуціна зламаць волю свабоднага народу. Але два з паловай гады народ Украіны цьвёрда стаяў. І Злучаныя Штаты будуць працягваць іх падтрымліваць, у тым ліку шляхам перадачы сыстэм супрацьпаветранай абароны і сродкаў, неабходных для абароны сваёй краіны. Не памыляйцеся: Расея ня выйграе гэтай вайны. Пераможа народ Украіны. І ў гэты трагічны дзень, і штодня ЗША іх падтрымліваюць», — гаворыцца ў заяве.

Раней прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі Джон Кірбі ў аўторак назваў атаку Масквы на ўкраінскую Палтаву «чарговым жудасным напамінам аб жорсткасьці Пуціна ў адносінах да народу Ўкраіны» і пацьвердзіў нязьменнасьць падтрымкі ўкраінцаў з боку ЗША.

Размаўляючы з журналістамі, Джон Кірбі пракамэнтаваў атаку Масквы на Палтаву, выказаўшы «нашы самыя глыбокія спачуваньні народу Ўкраіны пасьля чарговага масаванага расейскага ўдару, на гэты раз па горадзе Палтаве, які забраў жыцьці больш за 40 чалавек і параніў як мінімум 180 чалавек».

«Гэта чарговы жудасны напамін пра жорсткасьць спадара Пуціна ў адносінах да народу Ўкраіны і пра тое, як ён спрабуе пакараць іх за сваё ўласнае ўварваньне ў гэтую краіну, атакуючы крытычна важную інфраструктуру і імкнучыся ўскладніць іх жыцьцё і магчымасьць зарабляць на жыцьцё, — заявіў Кірбі. — Як ясна даў зразумець прэзыдэнт Байдэн, наша падтрымка Ўкраіны застаецца непахіснай і мы працягнем засяроджвацца на ўмацаваньні іх вайсковай моцы і супрацьпаветранай абароны супраць такіх нападаў і атак».

Кірбі нагадаў, што крыху больш за тыдзень таму ЗША абвясьцілі аб перадачы Ўкраіне новага пакета вайсковай дапамогі, які ўключае боепрыпасы для сыстэм HIMARS, абсталяваньне для барацьбы з дронамі, боепрыпасы, супрацьтанкавыя і супрацьбранявыя сыстэмы Javelin.

«І ў найбліжэйшыя тыдні адбудуцца новыя пастаўкі. Мы працягнем падтрымліваць Украіну ў яе спробах абараніць сябе ад падобных нападаў», — запэўніў прадстаўнік Белага дома.

Учорашні расейскі ўдар па Палтаве стаў самым сьмяротным сярод удараў, нанесеных сёлета. Колькасьць загінулых узрасла да 51 чалавека; 235 чалавек атрымалі раненьні.

Удар быў нанесены па Вайсковым інстытуце сувязі, дзе, як паведамляюць мэдыя, разьмяшчаўся навучальны цэнтар УСУ, а таксама па лякарні, якая знаходзілася побач.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG