Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дамову аб гарантыях бясьпекі паміж Беларусьсю і Расеяй плянуецца падпісаць у сьнежні, — Рыжанкоў

Максім Рыжанкоў
Максім Рыжанкоў

Пра гэта паведаміў міністар замежных справаў Максім Рыжанкоў падчас лекцыі для студэнтаў Акадэміі кіраваньня.

«Да 25-годзьдзя падпісаньня дамовы аб саюзнай дзяржаве, якое будзем сьвяткаваць у сьнежні сёлета, мы плянуем падпісаць з Расеяй міждзяржаўную дамову аб гарантыях бясьпекі дзьвюх краінаў, дзе будзе закладзены прынцып выкарыстаньня ядзернага ўзбраеньня і звычайнага ўзбраеньня, а таксама іншых мэтадаў абароны абедзьвюх краінаў, якія ўваходзяць у склад саюзнай дзяржавы», — заявіў Максім Рыжанкоў.

Ён яшчэ на пачатку ліпеня паведамляў, што Менск і Масква плянуюць падпісаць гэтую дамову.

Аляксандар Лукашэнка пасьля сустрэчы з Уладзімірам Пуціным на Валааме напрыканцы ліпеня заяўляў, што абмяркоўваў з прэзыдэнтам Расеі гэтую дамову аб гарантыях бясьпекі.

У ваеннай дактрыне Беларусі, прынятай сёлета на першым пасяджэньні новага складу Ўсебеларускага народнага сходу, не ўдакладняецца парадак ужываньня расейскай ядзернай зброі, разьмешчанай у Беларусі. У першы дзень працы УНС Лукашэнка на адпаведнае пытаньне адказаў: «Мэханізм не прапісаны. Гэта нашая справа з Пуціным».

Паводле ўказу Пуціна ад 2 чэрвеня 2020 году «Расейская Фэдэрацыя пакідае за сабой права ўжыць ядзерную зброю ў адказ на ўжываньне супраць яе і (або) яе саюзьнікаў ядзернай зброі і іншых відаў зброі масавага зьнішчэньня, а таксама ў выпадку агрэсіі супраць Расейскай Фэдэрацыі з ужываньнем звычайнай зброі, калі пад пагрозу пастаўленае само існаваньне дзяржавы».

Сёлета Пуцін заявіў, што расейская ядзерная дактрына можа быць перагледжаная.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG