Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Newsweek: КНДР паставіла ў Расею 13 тысяч марскіх кантэйнэраў са зброяй

Артылерйскія снарады. Ілюстрацыйнае фота
Артылерйскія снарады. Ілюстрацыйнае фота

Выданьне абапіраецца на зьвесткі выведкі Паўднёвай Карэі.

Паўночная Карэя адправіла ў Расею больш за 13 тысяч марскіх кантэйнэраў зь сярэдзіны 2022 году. У іх, як мяркуецца, знаходзілася зброя. Аб гэтым піша Newsweek са спасылкай на дадзеныя выведкі Паўднёвай Карэі.

КНДР праз свой усходні порт Наджын на працягу двух гадоў пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ажыцьцяўляе пастаўкі зброі. У адпраўленых кантэйнэрах магло знаходзіцца больш за шэсьць мільёнаў 152-мілімэтровых артылерыйскіх снарадаў. Таксама КНДР адправіла 122-мілімэтровыя артылерыйскія снарады, мабільныя зэнітныя ракетныя комплексы, супрацьтанкавыя ракеты і іншую вайсковую тэхніку і зброю, гаворыцца ў публікацыі.

Колькасьць марскіх паставак амаль удвая перавышае лічбу, названую паўднёвакарэйскую выведкай у лютым 2024 году. Тады міністар абароны Паўднёвай Карэі Сін Вон Сік заявіў, што Пхэньян адправіў Расеі амаль 7 тысяч марскіх кантэйнэраў з узбраеньнем.

У чэрвені ў размове з журналістамі Bloomberg паўднёвакарэйскі міністр абароны заявіў, што КНДР адправіла ў Расею больш за 5 мільёнаў снарадаў для артылерыі.

У абмен на пастаўкі зброі Расея дае КНДР энэргарэсурсы, а таксама касьмічныя тэхналёгіі для стварэньня ракет і спадарожнікаў-шпіёнаў.
Расея актыўна стала наладжваць сувязі з КНДР пасьля пачатку ўварваньня ва Ўкраіну. У верасьні 2023 году паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын пабываў зь візытам у Расею, а ў чэрвені 2024-га візыт у адказ нанёс Уладзімір Пуцін.

Афіцыйна ўлады дзьвюх краін паведамлялі, што на сустрэчах абмяркоўвалася ўзаемнае эканамічнае супрацоўніцтва, і адмаўлялі пастаўкі зброі КНДР у Расею.

У лютым амэрыканскія расьсьледнікі, прааналізаваўшы сотні спадарожнікавых здымкаў партоў і чыгуначных станцый рэгіёну, высьветлілі, што са жніўня 2023 году КНДР магла паставіць Расеі больш за 2,5 мільёна боепрыпасаў.

Генпракуратура Ўкраіны ўжо зафіксавала выкарыстаньне Расеяй паўночнакарэйскіх ракет у абстрэлах украінскіх тэрыторый. Найбольш масавую атаку ракетамі, пастаўленымі з КНДР, паводле зьвестак украінскага боку, Расея правяла 7 лютага 2024 году.

Газэта The New York Times паведаміла, што Расея ў абмен на боепрыпасы дазволіла КНДР атрымаць доступ да сусьветнай фінансавай сыстэмы, а таксама разблякавала частку паўночнакарэйскіх актываў, якія трапілі пад санкцыі ААН.

У парушэньні забароны на вайсковае супрацоўніцтва з КНДР Расею абвінавацілі таксама сем сяброў Рады Бясьпекі ААН.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG